3 ліпеня – самае светлае, самае вялікае свята для беларусаў – Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, Дзень Рэспублікі. Сёлета беларускі народ адзначае 81-ю гадавіну вызвалення ад нямецка-фашысцкіх акупантаў.
Гэты год азнаменаваны для кожнага з нас свяшчэннай датай – 80-годдзем Вялікай Перамогі над фашызмам. Рагачоўская зямля, як вядома, паліта крывёю воінаў шматлікіх нацыянальнасцей – прадстаўнікоў вялікага савецкага народа, якія вызначыліся ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, абаранялі, а потым вызвалялі наш горад. Дзясяткі афіцэраў і радавых байцоў былі ўдастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза. А жыхары Рагачоўшчыны актыўна ўдзельнічалі ў партызанскім руху, праявілі мужнасць і адвагу ў барацьбе з акупантамі. Нездарма ж Рагачову нададзена ганаровае званне “Горад воінскай славы”!
У чарговы раз адзначаючы агульнадзяржаўнае свята – Дзень Незалежнасці, а таксама Дзень горада, жыхары Рагачоўшчыны з гонарам і ўдзячнасцю ўспамінаюць подзвігі тых, хто забяспечыў нам мірнае неба, ушаноўваюць ветэранаў, на лепшых прыкладах жыцця і дзейнасці землякоў выхоўваюць падрастаючае пакаленне, захоўваюць гістарычную памяць пра неўміручыя справы лепшых прадстаўнікоў нашага народа. Усіх аб’ядноўвае жаданне прыўмножыць славу роднага краю, захаваць і развіваць выдатныя працоўныя традыцыі.
Сваёй самаадданай працай жыхары нашага горада і раёна ўносяць дастойны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Рагачоўшчыны, вобласці, усёй краіны, ствараюць неабходныя ўмовы для жыцця і працы ўсіх жыхароў Айчыны, умацоўваюць суверэнітэт і незалежнасць дзяржавы.
Дарагія землякі!
Горача і сардэчна віншуем вас з вялікім і светлым святам – Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, з Днём горада! Шчыра жадаем усім моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, шчасця і поспехаў у кожны дом!
Раённы выканаўчы камітэт.
Раённы Савет дэпутатаў.