Штогод у другую нядзелю мая ў нашай краіне адзначаецца Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга. Як вядома, у адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб і Дзяржаўны гімн з’яўляюцца сімваламі суверэнітэту краіны.
У гербе адлюстраваны асноўныя нацыянальныя духоўныя каштоўнасці беларусаў: грамадзянскае адзінства, праца, імкненне да дасканаласці кожнага чалавека і ўсяго грамадства, міралюбнасць і адначасова гатоўнасць пастаяць за сваю свабоду і незалежнасць.
Прыгожы і сэнсава змястоўны Дзяржаўны сцяг Беларусі. Ён уяўляе сабой прамавугольнае палотнішча, якое складаецца з дзвюх гарызантальна размешчаных каляровых палос: верхняй – чырвонага колеру і ніжняй – зялёнага. Чырвоны колер адлюстроўвае шматвяковую барацьбу беларускага народа за сваю свабоду і незалежнасць, яго сілу, мужнасць і высакародства, а зялёны – сімвалізуе аб мірным жыцці і развіцці краіны, аб яе цудоўнай прыродзе, аб надзеі на лепшае, аб маладосці і росквіце суверэннай дзяржавы. Беларускі нацыянальны арнамент чырвонага колеру на белым полі сведчыць аб хлебе, ураджаі, праслаўляе працалюбства і майстэрства беларусаў.
Цікавы факт: у час святкавання Дня горада Мінска 12 кастрычніка 2015 года на Кастрычніцкай плошчы быў разгорнуты самы вялікі Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь. Яго даўжыня складала 90 метраў, шырыня – 45 метраў, а вага – каля 300 кілаграмаў. Каб яго разгарнуць, спатрэбіліся тры сотні чалавек. Гэты сцяг цяпер захоўваецца ў фондах Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі.
За гады незалежнасці наша краіна прайшла вялікі і поўны падзей шлях. І дзяржаўныя сімвалы своеасаблівым чынам адлюстроўваюць яе гісторыю і сучаснасць. Калі бачыш Дзяржаўны герб і Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь, сэрца напаўняецца пачуццём гонару і павагі да народа і яго выдатных спраў. Асабліва хвалюючы момант – калі пры гэтым слухаеш або выконваеш Дзяржаўны гімн.
Усе мы, беларусы, павінны любіць і шанаваць сімвалы дзяржаўнасці сваёй краіны, яны спрыяюць выхаванню патрыятызму і адданасці Радзіме.
Міхаіл КАВАЛЁЎ,
член Саюза пісьменнікаў Беларусі, член Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі,
член Беларускага саюза журналістаў, ганаровы грамадзянін Рагачоўскага раёна.