13 красавіка споўнілася 105 гадоў з дня выхаду ў свет першага нумара Рагачоўскай раённай газеты “Свабоднае слова”. З нагоды гэтай знамянальнай даты мы сустрэліся з былым супрацоўнікам газеты, ветэранам журналістыкі, які ў свой час быў адзначаны Ганаровай граматай Беларускага саюза журналістаў і званнем “Лаўрэат конкурсу БСЖ “Залатое пяро” Міхасём Кавалёвым (літаратурны псеўданім М. Сліва) (на здымку).



? Міхась Мітрафанавіч, вы, як вядома, больш як чвэрць свайго жыцця аддалі працы ў нашай раённай газеце. Як вы пачыналі?
– Кажуць, што ў адну і тую ж раку немагчыма зайсці двойчы. Тым не менш мне ўдалося зайсці ажно чатыры(!) разы ў адну і тую ж паўнаводную і жыццядайную раку пад назвай “Рэдакцыя раённай газеты “Свабоднае слова” (“Камунар”)”. Пашанцавала ў жыцці. Праўда, кожны раз працаваў у гэтым праслаўленым творчым калектыве на розных пасадах.
Першы раз, яшчэ ў 1980-х гадах, калі быў “кадравы голад”, а рэдакцыю газеты “Камунар” узначальваў Сяргей Лісоўскі, мяне запрасілі на паўстаўкі карэспандэнта. У другі раз, калі калектывам стаў кіраваць Васіль Домніч (у сярэдзіне 1990-х гадоў) і газета ўжо называлася “Свабоднае слова”, я стаў рэдактарам аддзела сельскай гаспадаркі (таксама на паўстаўкі, бо асноўная мая работа была ў райвыканкаме). Канчаткова, на поўную стаўку прыйшоў я ў рэдакцыю ў 1999 годзе і стаў загадчыкам аддзела гарадскога жыцця, намеснікам галоўнага рэдактара. Папрацаваўшы амаль шэсць гадоў, знаходзячыся на пенсіі, пайшоў на заслужаны адпачынак. Але праз год зноў (у чацвёрты раз!) апынуўся ў родных сценах, на самай незайздроснай, але вельмі адказнай пасадзе – стылістычнага рэдактара (карэктара). Зноў пачалося плённае супрацоўніцтва з цяперашнім кіраўнком установы Андрэем Шышкіным. А друкавацца ў газеце я стаў яшчэ ў далёкім 1965 годзе, школьнікам. Пачынаў з інфармацый аб жыцці вёскі. Памятаю, з якой нецярплівасцю чакаў паштальёна, які прыносіў свежы нумар “Камунара”.

? Якія асаблівасці працы ў раёнцы?
– Трэба прама сказаць, што працаваць у раённай газеце – вельмі і вельмі складана і адказна, таму што калектыў творчых работнікаў невялікі, а матэрыялы павінны адлюстроўваць, перш за ўсё, жыццё горада і раёна. Прычым падзеі трэба асвятляць аператыўна і праўдзіва, бо ўсе ведаюць герояў матэрыялаў і жыццё свайго роднага краю іншы раз лепш, чым карэспандэнты. Таму і за кожнае слова, кожны “агрэх” будзеш адказваць перад чытачамі. А яны ў нас надзвычай прынцыповыя. Калі часам якая-небудзь цэнтральная газета дапусціць ляпсус, туды ніхто не звоніць, а калі, не дай Бог, у нашай газеце праскоча нейкая “казюлька”, тэлефоны разрываюцца: многія жадаюць упікнуць памылкай, хаця гэта зусім не памылка, а тэхнічны збой камп’ютарнай тэхнікі.
У мінулым стагоддзі газету друкавалі на месцы, у сваёй друкарні, затым сталі карыстацца паслугамі Жлобінскага выдавецкага паліграфічнага прадпрыемства “Тэхнічная кніга”, дзе вытворчасць была мадэрнізаванай. А цяпер перайшлі на сучасныя спосабы, з выкарыстаннем інтэрнэта. Уражваюць і перамены ў фотаілюстраванні газеты. Калі  раней трэба было сфатаграфаваць кагосьці або штосьці, напрыклад, на краю раёна, потым прыехаць у рэдакцыю, зрабіць фатагафію на паперы, а з яе – клішэ на метале, якое потым пры наборы ставілася на паласу, то цяпер, зняўшы на камеру патрэбны матэрыял, яго па электроннай пошце тут жа адпраўляюць у рэдакцыю, дзе здымак аператыўна выкарыстоўваецца на паласе або на сайце газеты. Прагрэс, як бачым, вялікі!

? Вам, Міхась Мітрафанавіч, давялося працаваць ра-зам з многімі рагачоўскімі журналістамі…
– Так, многіх я ведаў, з многімі пашанцавала рабіць агульную справу. Усіх, хто на працягу веку ствараў газету, я зараз не назаву, адзначу толькі некаторых, з якімі разам працаваў. Трэба сказаць, што нашай роднай газеце многія гады свайго жыцця аддалі ветэраны працы, сапраўдныя прафесіяналы пісьменнік і журналіст Мікола Янчанка, браты-журналісты Емяльяненкі – Пётр і Уладзімір, Людміла Бульбачка, Васіль Дружкоў, тэхнічныя работнікі Дзіна Шнэур, Галіна Зайцава, Людміла Кавалёва і іншыя. І цяпер у калектыве ёсць ужо свае ветэраны друкаванага слова, якія паспяхова працягваюць лепшыя традыцыі беларускіх журналістаў. Гэта галоўны рэдактар установы “Рэдакцыя газеты “Свабоднае слова” Андрэй Шышкін, які ўдастоены высокага звання “Ганаровы журналіст-настаўнік”, гэта намеснік галоўнага рэдактара – пераможца многіх журналісцкіх конкурсаў, адзначаная шматлікімі ўзнагародамі – Жанна Шэбашава, адказны сакратар газеты Ірына Федаровіч, тэхнічны рэдактар Антаніна Карунчыкава, фотакарэспандэнт Раіса Баравая, вадзіцель рэдакцыі Васіль Рагожнікаў – член Беларускага саюза журналістаў, які, дарэчы, на працягу дзесяцігоддзяў пры неабходнасці выдатна спраўляецца з абавязкамі фотакарэспандэнта і спартыўнага рэпарцёра. У ветэранаў вучацца маладыя супрацоўнікі рэдакцыі, пераймаюць іх багаты вопыт падрыхтоўкі матэрыялаў і выпуску газеты, якую любяць і чытаюць усе жыхары Рагачоўшчыны. У гэты знамянальны дзень – 105-ю гадавіну з дня выхаду першага нумара Рагачоўскай грамадска-палітычнай газеты “Свабоднае слова” – горача і сардэчна віншую калектыў рэдакцыі, былых работнікаў і чытачоў нашай роднай газеты са слаўным юбілеем! Поспехаў усім і моцнага здароўя!

  – Дзякуй! І вас таксама віншуем і дасылаем найлепшыя пажаданні.

Гутарыла Аксана РАМАНАВА.

Перепечатка текста и фотографий slova.by запрещена без разрешения редакции.

Войти с помощью

 


  

Яндекс Реклама