У Гомельскім выдавецтве “Барк” выйшла новая кніга нашага знакамітага земляка-рагачоўца, лаўрэата прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і прэміі імя Васіля Віткі, вядомага беларускага пісьменніка і драматурга Васіля Ткачова. Новае выданне называецца “Варона”.
Кнігу склалі аповесці “Скачы ад печы, жэўжык!”, “Мішэнь” і “Дзед Аўгей і дзеці”, а таксама апавяданні, жыццёвінкі і гумарэскі, напісаныя ў апошні час. Лёгкі стыль пісьма, іронія і дасціпны гумар, уласцівыя пісьменніку, прысутнічаюць і ў гэтых творах. А яшчэ ім уласцівы філасофскі, глыбокі паказ жыцця беларусаў.
Аўтар з сыноўняй любоўю і цеплынёй піша пра людзей, на долю якіх выпалі нялёгкія выпрабаванні. Яго героі – людзі простыя, сціплыя і нічым, быццам бы, не прыкметныя. Але ж калі трэба, то яны гатовы не толькі пастаяць за сябе, але і выручыць з бяды іншых, у цяжкую хвіліну падставіць сваё плячо, падаць руку.
Як падкрэсліў старшыня Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч у інтэрв’ю газеце “Беларусь сегодня”, Васіль Ткачоў – самы чытаемы ў наш час пісьменнік, творы яго вельмі папулярныя, адзначаюць і бібліятэкары. Мы ж ад сябе дабавім: прачытайце для пачатку хоць бы невялікае апавяданне “Варона”, якое дало назву ўсяму зборніку. Пабачыце – спадабаецца, як кажуць, за вуха не адцягнеш ад усёй кнігі.
Міхась СЛІВА.
Версия для слабовидящих









