Кранулі душу і напоўнілі сэрца прыгажосцю і натхненнем да жыцця: менавіта так апісвалі свае ўражанні ад грандыёзнага канцэрта-справаздачы Рагачоўскага раёна «Жаночы вобраз краіны» яго гледачы. І не хітравалі: гэта сапраўды яркая падзея, кожнае выступленне было напоўнена сэнсам і адначасова загадкавасцю.

Перад канцэртнай праграмай прайшлі шматлікія выставы ўстаноў культуры Рагачоўшчыны. Пад гукі жывога аркестра ўдзельнікі сустрэчы, сярод якіх – прадстаўнікі мясцовай улады і ўпраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама, з цікавасцю пазнаёміліся з работамі нашага таленавітага земляка Анатолія Каплана, якія захоўваюцца ў фондах музея Народнай Славы; паўдзельнічалі ў майстар-класе цэнтральнай раённай бібліятэкі па стварэнні кніжнай закладкі; пагутарылі з народным майстрам Рэспублікі Беларусь Арцёмам Ткачовым і паглядзелі, як ён утаймоўвае гліну, а таксама даведаліся аб іншых напрамках дзейнасці Стрэнькаўскага раённага цэнтра рамёстваў; палюбаваліся карцінамі юных мастакоў дзіцячай школы мастацтваў горада Рагачова.

Кульмінацыяй сустрэчы стаў масштабны канцэрт. Праграма была падзелена на чатыры блокі, якія адлюстроўвалі жанчыну як Маці, Радзіму, Вайну і Працу. Кожную рысу яе характару перадавалі сродкамі мастацтва таленавітыя работнікі культуры Рагачоўшчыны і выхаванцы дзіцячых школ мастацтваў раёна, цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

У песнях, танцах і ігры на музычных інструментах артысты ўслаўлялі жанчыну, паказвалі яе мнагаграннасць, моц і чысціню душы.

На сцэне сучаснасць перапляталася з мінулым, з традыцыямі, падкрэслівала нязломнасць беларускай жанчыны перад цяжкасцямі гісторыі, яе самаадданую працавітасць на карысць роднай зямлі, яе глыбокія матуліны пачуцці. Яе жаданне горда насіць званне беларускі!

«Жаночы вобраз краіны» – гэта не проста культурная падзея, а магчымасць па-іншаму паглядзець на жыхарак малой радзімы, адчуць подых іх таленту і непаўторнасці. Гэта ода прыгажосці, пяшчоце, мудрасці і неверагоднай сіле духа, якія  ўвасабляюць у сабе беларускія жанчыны!

 

Вікторыя РАГОЖНІКАВА.

Фота аўтара.

 

 

Недостаточно прав для комментирования. Войдите на сайт используя социальные сети.

Войти с помощью

 


  

Яндекс Реклама