Даяркі філіяла “Кашара” СГЦ “Зарэчча” пераадолелі шасцітысячны рубеж!
Упершыню за многія гады на Кашарскай малочна-таварнай ферме ўстаноўлен рэкорд – два аператары машыннага даення кароў надаілі за 2010 год больш чым па 6 тысяч кілаграмаў малака ў разліку на кожную карову сваёй групы.
- А ў цэлым па гаспадарцы ў нас надоена па 4660 кілаграмаў малака на карову, - расказвае дырэктар філіяла “Кашара” СГЦ “Зарэчча” Ніна Іванаўна Церашкова. – Прыбаўка да мінулагодняга паказчыка склала 382 кілаграмы.
У працоўным спаборніцтве лідзіруюць вопытныя даяркі, якія даўно ўжо зарэкамендавалі сябе сапраўднымі майстрамі машыннага даення кароў, - Зінаіда Іванаўна Лоўкель і Ганна Паўлаўна Каралёва. На рахунку першай – 6519 кілаграмаў малака ў разліку на адну карову, другой – 6287 кілаграмаў.
На ферме ёсць і аператары-пяцітысячніцы. Гэта Валянціна Іванаўна Шастапалава – надаіла па 5740 кілаграмаў малака, Вольга Віктараўна Бондарава – па 5612, Таццяна Мікалаеўна Прус – па 5370 кілаграмаў малака. Надой у астатніх аператараў – а ўсяго на ферме працуюць 9 асноўных і 2 падменных даяркі – склаў па 4 тысячы кілаграмаў малака і больш.
- На 2011 год паставілі сабе мэту надаіць па ферме не менш 5000 кілаграмаў малака на карову, – працягвае Ніна Іванаўна Церашкова. – А прывагі маладняку на дарошчванні павінны быць не менш 700 грамаў у суткі. Ужо цяпер у нас ёсць і тут свае “маякі”: у радзільным аддзяленні даглядае цялятак да 20-дзённага ўзросту вопытны і старанны жывёлавод Марыя Анатольеўна Далгушава. Сярэднесутачныя прывагі гадаванцаў дасягаюць 760 грамаў. Аператар па адкорму цёлак Раіса Анатольеўна Сідарэнка на дарошчванні цёлак атрымлівае сярэднесутачныя прывагі па 690 грамаў. Добрыя вынікі і ў рабоце аператара Сяргея Уладзіміравіча Пышняка, які даглядае цёлак перадзлучнога і злучнога ўзросту, а таксама нецялей, - прывагі жывёлы дасягаюць 570 грамаў. А па гаспадарцы за 2010 год сярэднесутачныя прывагі маладняку буйной рагатай жывёлы склалі 591 грам, гэта на 82 грамы больш, чым летась.
На Кашарскай малочна-таварнай ферме цяпер утрымліваецца 997 галоў буйной рагатай жывёлы, з іх 363 каровы. Акрамя добрасумленнай, стараннай працы аператараў па даенню і догляду статку, у дасягненне добрага выніку свой значны ўклад уносяць таксама тэхнік-асемянатар Вера Уладзіміраўна Букачова, лабарант Ганна Сяргееўна Стагорская, упраўляючая фермы Наталля Анатольеўна Парахневіч.
Поспеху спрыяе і добрае кармленне жывёлы, строгае захоўванне тэхналагічнай дысцыпліны, распарадку дня на ферме. Так, кармленне кароў пачынаецца цяпер з чатырох гадзін трыццаці мінут раніцы – даюць па 2 кілаграмы сена плюс канцэнтраты; затым у 7 гадзін – сянаж з бабовых траў – па 15 кілаграмаў; пасля прагулкі каровам даюць у 13 гадзін канцэнтраты; у 15 гадзін – сянаж; у 17 – канцэнтраты; у 19 – сена. Канцэнтраты даюць індывідуальна, у залежнасці ад прадуктыўнасці кароў. Даенне трохразовае. У памяшканнях парадак, чысціня. Таму і не дзіўна, што ў гэтыя дні надой на адну карову тут перавышае 12 кілаграмаў малака, амаль усё яно прадаецца дзяржаве сортам экстра. А гэта дазваляе гаспадарцы мець выручку ад рэалізацыі малака штодзённа ў разліку на адну карову больш чым па 12 тысяч рублёў.
Міхась КАВАЛЁЎ.
Фота Васіля РАГОЖНІКАВА.
Аператары машыннага даення кароў Г.П. КАРАЛЁВА і З.І. ЛОЎКЕЛЬ штодзённа абмяркоўваюць вынікі работы з дырэктарам філіяла Н.І. ЦЕРАШКОВАЙ (у цэнтры).
Версия для слабовидящих
















