Сёлета ў нашым раёне запланавана атрымаць наступныя аб’ёмы сельскагаспадарчай прадукцыі: збожжа – 128 тысяч тон, у тым ліку 30 тысяч тон зерня кукурузы; бульбы – 30,6 тысячы тон; масласемя рапсу – 11,2 тысячы тон; гародніны – 4 тысячы тон; у тым ліку 2,5 тысячы тон цыбулі-рэпкі; пладоў і ягад – 0,4 тысячы тон. Для грамадскай жывёлагадоўлі неабходна нарыхтаваць 80 тысяч тон кармавых адзінак з разліку 40 цэнтнераў кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву жывёлы, у тым ліку 24 цэнтнеры кармавых адзінак на ўмоўную галаву – на зімне-стойлавы перыяд.
Што ж робіцца ў гаспадарках раёна, каб дасягнуць гэтых паказчыкаў? – з такім пытаннем мы звярнуліся да першага намесніка начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Д.В. СІДСКАГА.
- Для выхаду на запланаваныя паказчыкі ў раёне трэба пасеяць 19820 гектараў яравых збожжавых і зернебабовых культур, у тым ліку кукурузы на зерне 5680 гектараў; 1155 гектараў бульбы; 191 гектар гародніны, у тым ліку 110 гектараў цыбулі-рэпкі; 10908 гектараў кукурузы на зялёны корм і сілас і 3874 гектары аднагадовых культур, - расказвае Дзмітрый Валер’евіч Сідскі. - Пад ураджай гэтага года ў гаспадарках з восені пасеяна 16680 гектараў азімых збожжавых культур, 5320 гектараў азімага рапсу, узнята зябліва на плошчы 29 тысяч гектараў, унесена арганікі 120 тысяч тон.
- А як наконт насеннага матэрыялу?
- Яшчэ ў мінулым годзе гаспадаркі засыпалі 4955 тон насення яравых збожжавых і зернебабовых. Ідзе работа па сортаабнаўленню і сортазмене элітнага насення, заключаны дагаворы на набыццё насення для дадатковай сяўбы ў колькасці 494 тоны, будзе яшчэ выбрана 300 тон элітнага насення збожжавых і зернебабовых культур. Па рэпрадукцыйнаму складу збожжавых элітнага насення будзе 16 працэнтаў, першай рэпрадукцыі – 45, другой – 39 працэнтаў.
Асаблівая ўвага будзе ўдзелена пасевам кукурузы як адной з каштоўнейшых культур для вытворчасці кармоў і фуражнага зерня, яна валодае патэнцыялам ураджайнасці збожжа да 120 цэнтнераў з гектара. Сёлета пад гэтую культуру ў раёне адводзіцца 16600 гектараў – прыбаўка да ўзроўню мінулага года 3125 гектараў.
Бульбы будзе пасаджана 1155 гектараў. Гаспадаркі яшчэ з восені заклалі на захоўванне неабходную колькасць насення – 5900 тон клубняў. Акрамя таго, яшчэ паступіць 60 тон элітнага насення бульбы.
- Дзмітрый Валерьевіч, якім чынам можна павялічыць вытворчасць раслінаводчай прадукцыі?
- Асноўны шлях павелічэння валавой прадукцыі раслінаводства – пераворванне непрадуктыўных сенажацей і пашаў, захоўванне інтэнсіўнай тэхналогіі вырошчвання сельскагаспадарчых культур.
Для выканання праграмы па залужэнню і перазалужэнню лугапашавых угоддзяў у колькасці 1500 гектараў, сяўбы паўторных і пажніўных культур – 3200 гектараў, аднагадовых траў – 3874 гектары, шматгадовых траў на ворыве – 3000 гектараў, у тым ліку 1800 гектараў бабовых культур, у гаспадарках назапашана 90 тон насення шматгадовых траў. З іх 29 тон – бабовыя, 36 – проса, 38 – пайза, 7 – рэдзька маслічная, 11 тон – райграс аднагадовы. За кошт крэдытных рэсурсаў, выдзеленых на пасяўную кампанію, і ўласных сродкаў гаспадарак набываецца таксама насенне шматгадовых траў і пашавых травасумесяў праз КСУП “Насенне траў”.
Адзін з этапаў інтэнсіўнай тэхналогіі вырошчвання прадукцыі ў раслінаводстве – пратраўліванне насення высокаэфектыўнымі пратравіцелямі. Гаспадаркі маюць іх у патрэбнай колькасці. Важны аграпрыём – прымяненне мікраўгнаенняў пры пратраўліванні насення, ён дае прыбаўку ўраджаю 3-4 цэнтнеры з гектара. Завозім і такія ўгнаенні.
Пад ураджай 2011 года плануем унесці 500 тысяч тон арганічных і 16397 тон (у дзеючым рэчыве) мінеральных угнаенняў. У разліку на адзін гектар ворыва гэта складзе 8,3 тоны арганікі і 271 кілаграм дзеючага рэчыва мінеральных угнаенняў.
Безумоўна, поспех у раслінаводстве будзе залежаць у першую чаргу ад яравой сяўбы, якую трэба правесці ў аптымальныя тэрміны і на належным агратэхнічным узроўні.
- Дзякуй, Дзмітрый Валер’евіч, за расказ. І пажадаем хлебаробам Рагачоўшчыны паспяховага старту ў правядзенні веснавых палявых работ і атрымання высокага ўраджаю ўсіх сельскагаспадарчых культур!
Гутарыў Міхась КАВАЛЁЎ.