Сёлета ў філіяле “Дварэц” ААТ “СГЦ “Зарэчча” жніво пачалі з уборкі азімай свірэпіцы. Вырошчвалі гэтую культуру на плошчы 30 гектараў. І як толькі збажына паспела, у поле выехаў экіпаж у складзе вопытных механізатараў.
У якасці старшага камбайнера за руль сеў інжынер-механік гаспадаркі Мікалай Жумігін, для якога сёлетні ўборачны сезон – чацвёрты па ліку. Камбайнерам з ім працуе Мікалай Зікееў, слесар па рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі ААТ “Рагачоўскі аграсервіс”. Вось ужо амаль тры дзесяткі гадоў ён кожнае лета ўдзельнічае ва ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур у сваёй роднай вёсцы Дварэц. І працуе выдатна, заўсёды ў ліку прызёраў спаборніцтва камбайнераў за дасягненне лепшых паказчыкаў на жніве. Сёлета экіпаж ужо ўбраў свірэпіцу, намалочана больш як 18 тон зерня.
- Атрыманае зерне пойдзе на насенне, - расказвае галоўны аграном філіяла “Дварэц” Анатоль Асіпёнак. – Будзем пашыраць пасевы прамежкавых крыжацветных культур. Яны валодаюць высокай біялагічнай паўнацэннасцю іх арганічнага рэчыва. Па ўтрыманню энергіі ў сухім рэчыве рапс і іншыя азімыя крыжацветныя культуры пераўзыходзяць збожжа аўса і амаль не ўступаюць ячменю, а па колькасці пратэіна значна перавышаюць іх. Каштоўнай уласцівасцю гэтых культур з’яўляецца і тое, што яны даюць самы ранні вясной і самы позні восенню зялёны корм. Пры іх выкарыстанні павялічваецца перыяд кармлення жывёлы зялёным кормам на 4 – 5 тыдняў і забяспечваецца паступовы пераход ад зімніх рацыёнаў на летнія, а восенню наадварот.
Прыступілі ў гаспадарцы і да ўборкі азімага рапсу, які сёлета вырашчаны на плошчы 470 гектараў. У першы дзень уборкі было намалочана 8 тон збожжа з плошчы 5 гектараў.
Міхась КАВАЛЁЎ.
Фота Васіля РАГОЖНІКАВА.