“Каласы” пад галлём старым
Чытаючы ў школе “Каласы пад сярпом тваім” нават уявіць не магла, як у рэальнасці прыгожа ў мясцінах, дзе пачынаюцца падзеіі вядомага твора. Азярышчы — менавіта ў гэтай весачцы на беразе Дняпра расла тая самая грушка, якую ў першых радках твора апісвае беларускі класік.
Адкуль Караткевіч чэрпаў натхненне для напісання “Каласаў пад сярпом тваім”, становіцца зразумела, калі толькі трапляеш у гэтую вёску. Населены пункт здзіўляе сваёй непадманнай утульнасцю: мноства маленькіх вулачак, раскіданых ў адмысловым парадку, хаты і гоман дрэў — ўсё гэта быццам засталося некранутым часам вось ужо не адно стагоддзе. А калі ж выходзіш на круты бераг Дняпра і бачыш, як віруе ўнізе магутная рака, так і хочацца аддацца развагам. Блазе, што напярэдадні 80-годдзя Караткевіча для гэтых мэт тут спецыяльна паставілі скамейку. Тое, што аўтар любіў гэтыя мясціны і з іх маляваў пейзажы ў сваім творы, падцвярджае і размешчаны побач знакавы камень з вытрымкай з “Каласоў”.
На жаль, пры больш дэтальным вывучэнні мясцовасці першапачатковае ўражанне рэзка мяняецца. Здаецца, што перед юбілеем класіка парадак тут наводзілі па прынцыпу: галоўнае — знешні лоск. Мяркуйце самі: літаральна ў дзесяці кроках ад знакавага месца — звалле галля ад дрэў, спілаваных, так сказаць, пры добраўпарадкаванні. Тутэйшыя жыхыры, быццам угледзіўшы у такіх дзеяннях афіцыйны дазвол на сметніцу, пачалі пакрыху звозіць сюды ўсякае непатрэбства: гнілыя яблыкі, сухую расліннасць з агарода і інш. Забытымі засталіся і маладыя дрэўцы, пасаджанныя летась: недагледжаныя, прыглушаныя бур’яном, яны пазбаўлены магчымасці дасягнуць велічы апісанай Караткевічам грушы. Па іроніі невялічкая алея, якую яны утвараюць, вядзе акурат да апісанай вышэй сметніцы. Завяршальным штрыхом беспарадку з’яўляецца пакасіўшыйся ад часу столік, часткі якога валяюцца побач з новай скамейкай. Пагадзіцеся, на такім фоне памятны камень успрымаецца іранічна.
— Мы звярталіся ў Кісцянёўскі сельвыканкам з просьбай навесці парадак, — расказвае мясцовая жыхарка, — але пакуль далей абяцанняў справа не дайшла. Крыўдна, што ідэя добраўпарадкаваць гэтае месца не была даведзена да канца. Нават больш таго, стала нагодай для ўзнікненне сметніцы побач з ім.
Сапраўды крыўдна. Такое месца як гэта можа быць надзвычай цікавым для літаратараў і турыстаў, якія наведваюць Рагачоўшчыну. Толькі шкада, што ўражанне ад убачанага ў іх можа застацца дваякае…
В. АЛЕСІК.
Фота аўтара.