Сваё імя ў летапіс абласнога праекта «Сила слова» ўпісаў вучань Ціхініцкай сярэдняй школы Максім БАЖАНКОЎ (на здымку). Наш таленавіты зямляк стаў пераможцам літаратурнага конкурсу «Роднага слова жывая крыніца», які праводзіцца ў рамках гэтай ініцыятывы. Яго «Чароўныя нажніцы» не пакінулі канкурэнтам шанцаў у жанры «казка» и прынеслі 17-гадоваму пісьменніку Дыплом I ступені. Прапануем нашым чытачам азнаёміцца з лепшым творам конкурсу і на імгненне акунуцца ў казачны свет Максіма Бажанкова.



«Чароўныя нажніцы»
Кажуць, цудаў не бывае…
Жыў-быў хлопчык, звалі яго Мацвей. Ён быў звычайным падлеткам са звычайнай сям’і. Як і ўсе дзеці яго ўзросту, марыў то пра новы тэлефон, то пра веласіпед…
Аднаго разу Мацвею прысніўся дзіўны сон, у якім нажніцы маглі ператвараць карцінку або намаляваны прадмет у сапраўдны. Неабходна было толькі мець патрэбную ілюстрацыю таго, аб чым марыў, і выразаць яе.
Прачнуўшыся, Мацвей пазяхнуў і адчуў пад падушкай нейкі прадмет. Прасунуў руку – і чароўныя нажніцы ўжо не сон, а ява. Колькі здзіўлення і радасці было ў хлопчыка!
Не можа быць! – усклікнуў ён. – Такія ж, як у сне!..
Ён адразу кінуўся да пісьмовага стала, дзе яшчэ нядаўна разглядаў фотакарткі, часопісы з жаданымі падарункамі. Як многа ілюстрацый тут можна было знайсці. Мацвей выразаў і не верыў, што зараз адбудзецца цуд… І дзіва здарылася! Літаральна праз некалькі секунд хлопчык стаў уладальнікам тых самых рэчаў: і тэлефона, і веласіпеда яго мары.
Мацвей паглядзеў на гадзіннік: пара ісці ў школу. А што рабіць з нажніцамі? Ён доўга думаў, перш чым пакласці іх у свой ранец.
У школе Мацвей сустрэў свайго лепшага сябра Цімафея, у якога не было бацькоў, таму яго выхоўвала бабуля. Мацвею хацелася як мага хутчэй расказаць пра чароўныя нажніцы, але, пабачыўшы заплаканыя вочы сябра, прамаўчаў. Такім сумным ён Цімафея не бачыў ніколі. Усхліпваючы, Цімафей расказаў Мацвею, што яго бабуля цяжка захварэла і што выратаваць яе могуць толькі лекі, якіх нават не існуе…
Празвінеў званок. Пакуль дзеці рыхтаваліся да ўрока, Мацвей дастаў паперу, алоўкі і стаў нешта старанна маляваць, потым выразаць… На перапынку Мацвей працягнуў Цімафею бутэлечку з лекамі.
Трымай, гэта для тваёй бабулі. Спадзяюся, што дапаможа.
А пра тое, што адбылося дома, вырашыў пакуль не гаварыць.
З якім нецярпеннем Мацвей ішоў дадому. Там, на пісьмовым стале, яшчэ засталіся нявыразанымі скейт, гульнявая прыстаўка і іншыя дробязі.
Гэтым вечарам плакаў і Мацвей... Аказалася, што тыя самыя нажніцы былі чароўнымі толькі тры разы. А пасля таго, як патэлефанаваў Цімафей і паведаміў, што бабуля ачуняла, Мацвей не змог стрымаць слёзы: як добра ўсё-такі, што з раніцы ён не паспеў скарыстаць нажніцы на трэцюю мару, выдаткаваць іх якасці на глупства.
…І няхай Мацвей не ведаў нават назваў лекаў, іх уласцівасцей, але ж ён ад шчырага сэрца хацеў дапамагчы чалавеку!

Аўтар рубрыкі
Вікторыя РАГОЖНІКАВА.

Недостаточно прав для комментирования. Войдите на сайт используя социальные сети.

Войти с помощью

 


  

Яндекс Реклама