26 лістапада спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта, празаіка, драматурга, публіцыста, перакладчыка, сцэнарыста, класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча.
З любоўю да зямлі
і людзей…
...З’явіўся яскравы і таленавіты пясняр, які і сёння застаецца любімым і чытаемым пісьменнікам. Яго ведае ўся Беларусь – у вялікіх гарадах і маленькіх вёсачках. Лёс наканаваў яму нядоўгае жыццё, але плённае і творчае. Незвычайна адораны чалавек, які быў моцна ўлюбёны ў сваю зямлю, «Зямлю пад белымі крыламі», які яднаў мінулае, сучаснае і будучае. «Быў. Ёсць. Буду»... Гэтыя тры моцныя словы, сказаныя У.Караткевічам, гучаць як прароцтва. Яго творы працягваюць жыць і натхняць пакаленні. Кожнае слова, ім напісанае, трывала і надзейна ўвайшло ў літаратуру. Незвычайная эрудзіраванасць, прыродная высакароднасць, жыццёвая энергія зараджалі людзей аптымізмам і вабілі да яго. Ён жыў радасцямі і трывогамі роднай зямлі. А гэта подзвіг!
Беларускі пісьменнік і публіцыст А.Бутэвіч у прадмове да аднаго выдання напісаў: «У.Караткевіч прыйшоў да нас пад шэпт «Сівой легенды», абудзіў «Званамі Віцебска», пазнаёміў з «Маці ўрагану», «Цыганскім каралём», хітравата запытаў: ці ведаем мы, чаму «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», расказаў, як «У снягах драмае вясна», пагушкаў у «Калысцы чатырох чараўніц», а пасля павадзіў па «Чорным замку Альшанскім», навучыў, абмінаючы «Ладдзю Роспачы», уцякаць ад «Дзікага палявання караля Стаха», нагадаў, што «Нельга забыць» ні «Матчыну душу», ні «Маю Іліяду», ні «Вячэрнія ветразі», захапляльна распавёў пра «Зямлю пад белымі крыламі» і цвёрда заявіў – «Быў. Ёсць. Буду». І гэта, сапраўды, так.
Літаратуразнавец А.Верабей назваў У.Караткевіча гонарам і сумленнем беларускай літаратуры, які змог цалкам раскрыць душу народа, яго характар. А народны пісьменнік Беларусі Я.Брыль ахарактарызаваў як нястомнага працаўніка, які пастаянна і грунтоўна працаваў над сабой.
Першае маё знаёмства з класікам адбылося праз «Дзікае паляванне караля Стаха». Для мяне і маіх сяброў У.Караткевіч стаў В.Скотам, А.Конан-Дойлам. Гэтая аповесць як машына часу: разгарнуў старонку – і ты ўжо ў старажытным замку, дзе можаш у любую хвіліну сустрэць Малога Чалавека і Блакітную Жанчыну, пачуць жахлівы тупат капыт світы караля Стаха. Уражанне – неймавернае. А гэта супермайстэрства пісьменніка!
«У дзедаўскім
родным гняздзе….»

У дзядзькавым доме Уладзіміру Караткевічу быў вылучаны
асобны пакой, дзе былі напісаны шматлікія яго творы.
Мой родны горад Рагачоў з’яўляўся для песняра тым месцам, дзе ён адпачываў душой і сэрцам, знаходзіў падтрымку і разуменне, адчуваў натхненне, асалоду ад жыцця і чэрпаў энергію для творчасці. І гэтым ён даражыў. Я ганаруся, што менавіта рагачоўская зямля захапіла У.Караткевіча ў палон і давала яму фізічныя і духоўныя сілы. Гэта была цесная сувязь. У сям’і пісьменніка захавалася паданне пра аднаго з продкаў – Тамаша Грынкевіча, які ўдзельнічаў у паўстанні 1863 года і быў расстраляны ў Рагачове. Яго дзед – Васіль Юльянавіч служыў у нашым горадзе ў казначэйстве. Надзея Васільеўна, матуля У.Караткевіча, працавала вясковай настаўніцай у вёсцы Збароў, а пасля пазнаёмілася з Сямёнам Караткевічам і выйшла за яго замуж.
Ствараліся і задумваліся шматлікія творы майстра ў доме дзядзькі Ігара Васільевіча Грынкевіча па вуліцы Чкалава (зараз У.Караткевіча). У вершы «Вагеньчык у яблынным садзе» ён прызнаецца: «Тут цягне жыць і кахаці, тут добра так, як нідзе, у старасвецкай хаце, у дзедаўскім родным гняздзе». Жыў там падоўгу, сюды наведваліся і яго сябры-пісьменнікі. У вёсцы Азярышча, Шапчыцы часта лавіў рыбу і паляваў. Яму вельмі даспадобы былі рагачоўскія краявіды, якія з цеплынёй апяваў: «А вышэй ад горада лясы ідуць і вёскі на адхонах такія, што сэрца заходзіцца ад замілавання. Адны Кісцяні чаго варты!» У дзядзькавым доме пачаў пісаць паэму «Зямля дзядоў», у якой згадаў руіны замка каралевы Боны і над Дняпром шырокім курганы, Збароў, капліцу над бабчынай магілаю старой…З’явілася і «Ладдзя Роспачы» пра сярэдневяковага жыхара Рагачова Гервасія Выліваху. І падзеі аповесці «Сівая легенда» адбываюцца пераважна на Рагачоўшчыне. Рагачоўскі побыт стаў асновай для зместу дзявятага раздзела рамана «Леаніды не вернуцца да Зямлі». Таксама тут узнік і пачатак рамана «Каласы пад сярпом тваім». Як адзначыў сам пісьменнік, нідзе так добра не пісалася, як у Рагачове. Пра сваіх землякоў расказваў прыгожа і ўзнёсла, захоплена і эмацыянальна. Чытаючы творы класіка, усведамляеш: ён вялікі прыгоднік, глыбокі гісторык, апантаны патрыёт і нястомны вандроўнік.
Рагачоўцы заўсёды будуць берагчы і шанаваць памяць пра свайго знакамітага і таленавітага земляка, які назаўсёды ўвекавечыў сваё імя і наш родны горад разам з яго жыхарамі.
Ірына БЕДНЯКОВА.
Версия для слабовидящих









