
А вы ведаеце, што звязвае магазін «Родны кут» у цэнтры сучаснага Рагачова з нямецкім шпіталем сярэдзіны мінулага стагоддзя, які апісвае ў сваім творы беларускі класік Уладзімір Караткевіч? А супрацоўнікі музея Народнай Славы ведаюць дасканала і прапаноўваюць нашым чытачам даведацца пра гэты цікавы нюанс.
Па словах навуковага супрацоўніка музея Уладзіслава Мажарава, з 1909 па 1919 год у Рагачове дзейнічала настаўніцкая семінарыя. У 1917-м яе скончыў вядомы пісьменнік Міхась Лынькоў. Пазней, у гады Вялікай Айчынай вайны, у сценах семінарыі знаходзіўся нямецкі шпіталь. Як раз пра яго і вядзецца расповед у кнізе Караткевіча.

Урывак з кнігі...
«…Падчас Айчыннай вайны ў некаторых нашых акупіраваных месцах асірацелыя дзеці арганізоўвалі нешта накшталт арцеляў па нападу. Звалі іх «вераб’і». Чалавек пяцьдзесят дзяцей наляталі на нямецкую машыну, што стаяла недзе ля казармы ці штаба (мелі ўжо вопыт, ведалі, у якой ежа, цыгарэты або абмундзіраванне), хапалі груз і разбягаліся. Ёсць у вартавых крыху сумлення – стрэляць у паветра. Няма – нехта застанецца на зямлі, затое астатнія тыдзень-другі, мяняючы, будуць мець хлеб. «Вераб’ёў» разбіралі па хатах, бралі ў атрады, але іх было дужа многа. І, акрамя таго, у іх быў свой «прафесіянальны» гонар: не браць у сваіх, якія таксама галадалі.
І вось адзін мой знаёмы з Рагачова, даўно ўжо дарослы чалавек, расказаў мне, як ён, дзейнічаючы ў той дзень як «вольны паляўнічы-адзіночка» прыгледзеўся да нямецкага шпіталя. Рагачоў не меў буйных прадпрыемстваў, яго не бамбілі, і таму немцы размясцілі ў ім шпіталь для сваіх «асаў» (маецца на ўвазе недасягальнасць гораду для савецкай авіяцыі). Хлопчык заўважыў, што як толькі настае гадзіна абеду, то ўсе санітары, сёстры, дактары ідуць у сталоўку. Пунктуальнасць нарадзілася раней за немца. І вось падлетак падчас абеду проста ўзяў ды спакойна зайшоў у шпіталь.
Адчыніў дзверы – палата на аднаго. Ляжыць «распяты», падвешаны на вяроўках з грузамі, афіцэр (пазней выявілася, што гэта быў палкоўнік, адзін з лепшых асаў імперыі). Пэўна, косткі пераламаў, упаўшы з самалётам, знайшоўся ас і на яго. «Ага, значыць не пагоніцца». А на стале перад ім – багацце. Тады «верабей» узяў і склаў у запазуху і ў кошычак, у якім, відаць, палкоўніку гэта і прынеслі, шэсць каробак шакаладу, некалькі бутэлек каньяку, лікёру і віна, дваццаць пачак цыгарэт. Забяспечыў, словам, сабе хлеб на месяц-другі (бо карміў яшчэ й цалкам бездапаможнага дзеда). Немец спачатку глядзеў на гэта з поўным непаразуменнем, а пасля нешта абурана загергетаў. Тады хлопчык высалапіў язык, закруціў вачыма, як паміраючая каза, і адказаў:
– Бэ-бэ-бэ-бэ.
І выйшаў. Трывога паднялася праз палову гадзіны, калі скончыўся абед. Як бачыце, гумар не пакідае беларуса нават у самых страшных абставінах. І правільна. Іначай жа – бывалі часы – хоць вешайся ад такога жыцця…»
Дарэчы, гэты ўнікальны нюанс аб сувязі Рагачова з «Зямлёй пад белымі крыламі» публікуецца ўпершыню. Як і звесткі пра дакладную лакалізацыю нямецкага фотаздымка, які, што зараз вядома, зроблены ў двары настаўніцкай семінарыі.
Вікторыя РАГОЖНІКАВА.
Версия для слабовидящих









