Штогод 21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Свята было абвешчана 17 лістапада 1999 года на 30-й сесіі ЮНЕСКА і накіравана на заахвочванне моўнай разнастайнасці і шматмоўнай адукацыі, захаванне нацыянальнай адметнасці і самабытнасці, забеспячэнне права кожнага чалавека карыстацца роднай мовай.

У нашым рознакаляровым і рознагалосым свеце налічваецца каля шасці тысяч моў. Аднак, па данных ЮНЕСКА, 43 % з іх можа знікнуць, страціўшы апошніх носьбітаў. Паводле праведзеных даследаванняў кожныя два тыдні знікае адна мова, забіраючы з сабой непаўторную культурную спадчыну.

Родная мова не патрабуе ад носьбітаў вельмі шмат. Але калі ўжо назваў яе роднай, павінен жа быць перад ёй хоць нейкі абавязак. Хоць часам думаць пра яе і размаўляць на ёй. Хоць адзін дзень – у афіцыйнае свята. Калі гучыць сучасная літаратурная мова ці змешаная «трасянка», ці мясцовыя дыялектныя словы – гэта ўсё наша родная беларуская мова! І яе трэба ведаць, шанаваць і захоўваць.

Рэспубліка Беларусь – поліэтнічная дзяржава. У нашай краіне пражываюць больш за 140 народнасцей, і ў любога іх прадстаўніка ёсць магчымасць карыстацца роднай мовай. Больш таго, дзяржава стварае ўмовы для навучання ў краіне на розных нацыянальных мовах. Для большасці жыхароў нашай краіны роднай з’яўляецца беларуская мова. Таму ў краіне праводзіцца паслядоўная палітыка па яе падтрымцы і развіцці. У гэты дзень ва ўсіх установах адукацыі, культурных цэнтрах і проста на вуліцы беларусы звярнуліся да каранёў, да спадчыны, усюды пануе атмасфера нашай меладычнай і непаўторнай мовы роднай.

Любіце і шануйце, як святыню, роднае слова, з якім вас літасцівы Бог на свет пусціў. (Ф. Скарына)

Хто забыў сваіх продкаў – сябе губляе, хто забыў сваю мову – усё згубіў. (У. Караткевіч)

Мова – гэта вялікі народны скарб. Яе нельга не паважаць, як нельга не паважаць родны народ. (І. Мележ)

Алена ШАЎЦОВА.

Недостаточно прав для комментирования. Войдите на сайт используя социальные сети.

Войти с помощью

 


  

Яндекс Реклама