На тэрыторыі Журавіцкага сельсавета знаходзяцца 16 воінскіх захаванняў. У апошні дзень мая на грамадзянскіх могілках вёскі Гута адбылося ўрачыстае адкрыццё яшчэ аднаго мемарыяла, але ўжо землякам-аднавяскоўцам, жыццё якіх абарвалася ў страшныя дні ваеннага ліхалецця. Ініцыятарам добрай справы стаў ганаровы грамадзянін Рагачоўшчыны, беларускі пісьменнік, празаік
і драматург Васіль Ткачоў.

Васіль ТКАЧОЎ.

Сімвалічна
Ужо чатыры месяцы, як Васіля Юр’евіча няма з намі. Але ён паспеў зрабіць усё неабходнае, каб пакінуць добры ўспамін аб тых людзях, якія калісьці жылі побач з яго бацькамі. Да Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы Гута налічвалася 104 двары – 12 з іх знішчылі нямецкія акупанты. На фронце загінула 32 чалавекі, 15 – прапалі без вестак. Прайшлі дзесяцігоддзі, але не забываюць пра гутлянцаў іх патомкі.
Сімвалічна, што менавіта ў Год гістарычнай памяці на журавіцкай зямлі адкрылася мемарыяльная пліта з высечанай на камені паўсотняй імёнаў: частка сяльчан не вярнулася з фронту, астатнія загінулі ў роднай вёсцы падчас фашысцкіх зверстваў.

Сабраў усіх разам
З нагоды адкрыцця помніка сабраліся мясцовыя жыхары, школьнікі, родныя і знаёмыя пісьменніка. Старшыня Журавіцкага сельвыканкама Таццяна Драздова выказала шчырую падзяку жонцы і дзецям Васіля Ткачова за тое, што яны не толькі падтрымалі добрую справу блізкага чалавека, але і разам з неабыякавымі людзьмі давялі яе да завяршэння.
Дырэктар Хатаўнянскага ясляў-сада – сярэдняй школы Тамара Рагожнікава адзначыла, што дзякуючы Васілю Ткачову, мясцовыя хлопчыкі і дзяўчынкі цяпер не забудуць тых, хто цаной свайго жыцця здабываў мір на роднай зямлі. Настаўніца пачатковых класаў Ларыса Купрыянчук лічыць, што ў Васіля Юр’евіча атрымалася ўвекавечыць імёны землякоў не толькі ў мармуры, але і ў сваіх шматлікіх творах. Гэта стала магчымым дзякуючы цудоўнай рысе характару, якая называецца зямляцтва – такую думку ў сваім выступленні выказаў мастацкі кіраўнік Хатаўнянскага сельскага Дома культуры Сяргей Філіпчанка.

У памяць аб славутым
земляку
На адкрыццё мемарыяльнай пліты ў родную вёску ўраджэнца журавіцкай зямлі прыехаў таксама яго даўні сябра Міхась Кавалёў (літаратурны псеўданім Міхась Сліва). Творчых людзей звязвалі не толькі цёплыя, даверлівыя адносіны, але і літаратурная дзейнасць. Па словах Міхася Мітрафанавіча, Ткачоў добра паклапаціўся аб земляках: іх мову, рысы характару і асаблівасці паводзінаў увасобіў у героях твораў, а ў памяць аб тых, хто не вярнуўся з вайны, вырашыў паставіць помнік. Радзіма не забудзе свайго сына: як паведаміў старшыня Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч, на доме, дзе жыў Васіль Юр’евіч, плануецца размясціць мемарыяльную дошку. А яшчэ нядаўна на Гомельшчыне прайшоў конкурс імя Васіля Ткачова сярод гумарыстаў. Было б цудоўна, каб у літаратурным спаборніцтве, якое плануецца праводзіць штогод, абавязкова бралі ўдзел і юныя літаратары – яго землякі.

 

Аксана РАМАНАВА.
Фота Васіля РАГОЖНІКАВА.

Перепечатка текста и фотографий slova.by запрещена без разрешения редакции.

 

Войти с помощью

 

  

Яндекс Реклама