Гэта глыбока сімвалічна: дата нашага новага дзяржаўнага свята – Дзень народнага адзінства супала з датай нараджэння народнага паэта Беларусі, выдатнага грамадскага дзеяча, класіка айчыннай літаратуры, лаўрэата дзяржаўных  і літаратурных прэмій СССР і Беларусі, Героя Сацыялістычнай Працы, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Максіма Танка. Нарадзіўся ён менавіта 17 верасня ў 1912 годзе. Яго малая радзіма – Заходняя Беларусь: вёска Пількаўшчына цяперашняга Мядзельскага раёна.



Максім Танк – адно з самых яркіх імён у гісторыі беларускай літаратуры. Паэт-бунтар, патрыёт, сатырык, філосаф, наватар, а па жыцці – незвычайна сціплы, просты і адкрыты для зносін чалавек. Яго сапраўднае імя і прозвішча – Яўген Іванавіч Скурко. Нарадзіўся ў простай сялянскай сям’і. Бацька Іван Фёдаравіч у гады Першай сусветнай вайны быў мабілізаваны ў войска, а маці Домна Іванаўна выехала з малым сынам у бежанства, апынулася ў Маскве, зарабляла на жыццё службай у багатых дамах, а потым працай на фабрыцы.
Сям’я вярнулася ў Пількаўшчыну ў 1922 годзе. Вяртанне з бежанства ў родную хату, якую ў вайну толькі пільнаваў дзед Фёдар Маркавіч, не пазбавіла сям’ю ад нястач, затое прыбавіла тых пакут, ад якіх за гады рэвалюцыі людзі працы паспелі адвыкнуць, – пакут прыніжэння, сацыяльнага, нацыянальнага і рэлігійнага ўціску. Таму што буржуазная Польшча ўстанавіла свае парадкі, ад якіх цярпелі беларусы – жыхары захопленай палякамі тэрыторыі.
Пасля заканчэння польскай пачатковай школы Яўген з 1926 па 1932 год вучыцца ў гімназіях: спачатку ў рускай прыватнай у Вілейцы, потым у беларускай у Радашковічах і Вільні, некаторы час наведвае меліярацыйныя курсы і, нарэшце, заканчвае школьныя гады ў рускай Віленскай гімназіі імя А.Пушкіна.
У сакавіку 1932 года юнак быў арыштаваны за ўдзел у падпольнай камсамольскай рабоце. У красавіку яго вызвалілі, і ён накіраваўся цераз граніцу ў Мінск з надзеяй прадоўжыць вучобу. Аднак неўзабаве Яўгена адправілі ў Заходнюю Беларусь на падпольную камсамольскую работу.
Яўген Скурко вынес з класаў гімназіі не толькі праграмныя веды па беларускай, рускай і польскай літаратурах, але і патрэбу самастойных ацэнак жыцця і грамадскай функцыі літаратуры. Увасабленнем гэтай духоўнай самастойнасці можна лічыць яго псеўданімы: А. Граніт, А. Сівер, Максім Танк.
У 1932 – 1934 гадах паэт пражываў пад клічкамі Сівер і Віктар. Рэпрэсіўныя органы польскай дзяржавы некалькі разоў арыштоўвалі яго ў Пількаўшчыне, у Вільні – неаднаразова судзілі і асуджалі то на 8 год турмы, то на 2 гады з наступным пазбаўленнем правоў на 5 год. З перапынкамі Максім Танк прасядзеў у турмах каля 2 гадоў. Гэта была суровая, жорсткая школа жыцця. Малады паэт сутыкнуўся з пагардлівай лютасцю і каварствам следчай службы, якая ўмела біць і мучыць, не пакідаючы вонкавых слядоў знявечання, умела падсунуць у камеру правакатара. Юнак адчуў на сабе службовую зацятасць турэмных наглядчыкаў, якім дастаткова было знайсці  ў камеры турмы, з якой яго выпусцілі, тэкст сатырычнай паэмы “Трынаццаты апостал”, каб зноў патрабаваць арышту.
У віленскай турме творца-рэвалюцыянер арганізаваў выпуск падпольнага часопіса “Краты”, пісаў артыкулы, у якіх заклікаў народ да барацьбы супраць польскіх захопнікаў. Вёў дзённікі, якія потым склалі кнігу “Лісткі календара”. У 1936 годзе паэт уступае ў  Камуністычную партыю Заходняй Беларусі, актыўна працуе ў падпольным друку, выкарыстоўваючы свой любімы псеўданім – Танк. У барацьбе за свабоду і незалежнасць свайго народа паказваў такую ж моц, як і гэтая ваенная тэхніка, якую ён пабачыў у Савецкай Беларусі і якой ганарыўся. Менавіта з ёй атаясамліваў ён непакорнасць ворагу, змаганне за волю.
“Здарова, таварышы!
Доўга чакалі мы вас  
І чакала ўся наша зямля!” – такімі радкамі Максім Танк вітаў прыход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь.
Паэт-змагар, трыбун, ён і ў Вялікую Айчынную вайну, знаходзячыся ў эвакуацыі ў Саратаўскай вобласці, запісаўся ў народнае апалчэнне, каб трапіць на фронт. Але яго накіравалі ў газету “За Савецкую Беларусь”, дзе сваім словам патрыёта ён заклікаў  народных мсціўцаў: “Не шкадуйце, хлопцы, пораху!” Працуючы ў гэтым выданні, а пазней адказным сакратаром агітплаката “Раздавім фашысцкую гадзіну!”, наш зямляк змагаўся з акупантамі сваімі творамі – апавяданнямі, памфлетамі, публіцыстыкай, вершамі, пісаў партызанскую паэму “Янук Сяліба”. Вера ў перамогу, паэтызацыя подзвіга савецкага воіна, выкрыццё фашызма – асноўныя матывы лірыкі паэта ваенных гадоў.
У пасляваенны час Максім Танк працаваў у часопісе “Вожык”, быў галоўным рэдактарам часопіса “Полымя”. Паэт напісаў і выдаў дзясяткі кніг для дарослых і дзяцей. Ён услаўляў мір як найвышэйшую каштоўнасць, сцвярджаў мудрасць народнай маралі, ганарыўся родным краем. А самая галоўная тэма, якая праходзіць праз усю творчасць Максіма Танка, – Радзіма ў самых розных яе праявах: гісторыя і яе адлюстраванне ў легендах і паданнях, праца, песні, мары народа, маляўнічая прырода, мілагучная родная мова…
Ён перакладаў на беларускую мову творы многіх паэтаў свету, і яго творы перакладзены на іншыя мовы. Вёў актыўную грамадскую работу, насіў званне ганаровага грамадзяніна горада Мінска.
Памёр Максім Танк 7 жніўня 1995 года,  пахаваны ў роднай вёсцы побач з бацькамі.
Да апошніх дзён свайго доўгага і нялёгкага жыцця паэт заставаўся верным выбранаму ім у далёкіх 30-х гадах творчаму крэда – пісаць ярка, эмацыянальна, па-філасофску глыбока і з тонкім лірычным настроем.
Імя Максіма Танка стаіць у адным шэрагу з Янкам Купалам, Якубам Коласам, Максімам Багдановічам. Якуб Колас з любоўю называў паэта каранастым дубам, які глыбока пусціў карані ў родную зямлю.

Міхась КАВАЛЁЎ.

Перепечатка текста и фотографий slova.by запрещена без разрешения редакции.

Войти с помощью

 


  

Яндекс Реклама