Нядаўна на цэнтральнай плошчы Рагачова адзначалі дзіцячае свята. Супрацоўнікі раённага аддзела адукацыіі зрабілі ўсё магчымае, каб рагачоўская дзетвара засталася задаволенай. На плошчы панавала добразычлівая атмасфера.
Аднак радасны настрой азмрочыла вельмі непрыемная карціна. З аднаго боку, камунальнікі зрабілі добрую справу – уключылі фантан, калі можна яго так назваць, а вось з другога, ўсё магло закончыцца бядой. Чаму? Ды таму, што вада з фантана выцякала, ствараючы вялізную лужыну. Але самае страшнае тое, што каля фантана ў аварыйным стане знаходзяцца пліты на дарожцы, па якой бегала шчаслівая дзетвара. Дарэчы, пра гэтыя пліты размова распачыналася не адзін раз, але справа не зрушылася з месца і да гэтай пары.
Да таго ж, заўважана, што многія кіраўнікі ў сваёй бяздзейнасці спасылаюцца на тое, што ў Рагачове хутка будуць “Дажынкі”, маўляў, усё тады адрамантуем. Толькі гэтае “хутка” будзе праз некалькі год, а бяда можа здарыцца сёння.
А. САВІЧ.
Такая вось пастка чакае дзіцячыя ножкі каля гарадскога фантана.
Фота Раісы БАРАВОЙ.