Як мы паведамлялі ўжо, у адпаведнасці з рашэннем сесіі раённага Савета дэпутатаў адной з вуліц Рагачова ў мікрараёне “Карэя” прысвоена найменне “Вуліца імя Алеся Жаўрука”.
Імя гэтага пісьменніка цесна звязана з нашым горадам. Дзяцінства і юнацтва яго прайшло ў Рагачове, тут адбылося ягонае станаўленне як асобы і паэта.
Аляксандр Сцяпанавіч Жаўрук (сапраўднае прозвішча Сінічкін) нарадзіўся 19 жніўня 1910 года ў горадзе Сянно Віцебскай вобласці. Пасля рэвалюцыі і ўстанаўлення Савецкай улады сям’я пераехала ў слынны горад над Дняпром. Бацькі атрымалі ад гарсавета надзел зямлі, на якой збіраліся будаваць вялікі сямейны дом, бо і сям’я была вялікай, і надакучыла здымаць прыватную кватэру. Аднак бацька Шуркі (так звалі ўсе малодшага Сінічкіна), бухгалтар рагачоўскага казначэйства, раптоўна ў 1922 годзе памірае ад тыфу. Маці засталася адна з трыма дзецьмі, а хутка, амаль адразу пасля смерці мужа, нарадзілася і чацвёртае дзіця. Усяго ў Алеся было тры сястры. Таму маці, звычайнай акушэрцы, давялося адмовіцца ад мары аб вялікім доме для сям’і і агораць сціплую хатку, палову якой займала вялізная печ...
Прыгажосць Рагачоўскага краю абудзіла ў душы Алеся Сінічкіна паэта Алеся Жаўрука. Ён рана ўсвядоміў свой талент і прыклаў усе намаганні, каб усебакова раскрыць яго. Ён пачынае пісаць для школьнай сценгазеты, выдае рукапісны часопіс з вершамі, кароткімі апавяданнямі, замалёўкамі з жыцця класа і горада, аздабляе ўласнымі малюнкамі. Разам з Алесем Зарыцкім выпускае гумарыстычную газету “Смех і слёзы”, якую вывешвалі ў класе. У 1926 годзе васьмікласнік Алесь Сінічкін друкуе ўласныя вершы ў Бабруйскай акруговай газеце “Камуніст” і літаратурным дадатку да яе “Вясна”, у абласной газеце “Магілёўскі селянін”. За кароткі час ён становіцца вядучым рагачоўскім паэтам, нездарма атрымлівае ганаровую мянушку Пушкін.
Родны свой Рагачоў Алесь Жаўрук будзе згадваць заўсёды. І ў часы радасці, калі стане студэнтам Маскоўскага інстытута гісторыі, філасофіі і літаратуры, пры любой магчымасці будзе прыязджаць на малую радзіму (спачатку адзін, а потым і з жонкай Лідай, таксама студэнткай таго ж інстытута), і ў хвіліну гора (калі ў чэрвені 1940 года памерла іх маленькая дачушка, то лячыць душу яны паехалі ў Рагачоў, і хвалі Дняпра моцна пасадзейнічалі ў гэтым).
У паэта ўзнікла грандыёзная ідэя выдаць тры зборнікі вершаў. Першы назваць зусім проста – “Ручаіны”, другі – “Дняпро выходзіць з берагоў”, трэці – “Вялікі альбо Ціхі...” Першыя два выйшлі адпаведна ў 1936 і 1938 гадах. Трэцяга не было, пачалася вайна. Алесь Жаўрук з першых дзён на фронце. Трапіў у акружэнне, выйшаў да сваіх, і зноў ваяваў. Але быў смяротна паранены 23 жніўня 1942 года ў баях пры абароне Сталінграда.
Раніцай таго трагічнага дня ён атрымаў ліст ад жонкі, у якім тая паведаміла аб нараджэнні сына. Узрушаны, шчаслівы бацька паспеў адказаць сваёй Лідзе і выказаць словы ўдзячнасці: “Ну, дзякую табе, вялікі дзякуй табе за сына... Вось радасць якая, што ўсё абышлося добра. Даражэнькая мая, глядзі, беражы цяпер сыночка. Ён мне, як і ты, даражэй за ўсіх на свеце, як бы я хацеў зараз быць з вамі, расцалаваць вас!..”
Любы сэрцу Рагачоў быў адвечнай крыніцай натхнення для паэта, як і рэчка Дняпро. Родны горад Алесь Жаўрук уславіў у “Рагачоўскім сшытку”, які ўвайшоў у зборнік “Дняпро выходзіць з берагоў”:
Ціхім ранкам у прасцяг далёкі
Я прайду, задумны й малады.
І аднойчы вечарам лагодным
У гасцях у дальніх землякоў
Раскажу я з гонарам
пра родны
Свой зялёны горад Рагачоў...
Паэт пісаў вершы пра падзеі рэвалюцыі і грамадзянскай вайны, пра вайну ў Іспаніі, шмат вершаў і песень прысвяціў самаму вялікаму пачуццю і сваёй каханай.
У час вайны палітрук Аляксандр Сінічкін (Алесь Жаўрук) адлюстроўваў барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі (“Франтавы блакнот”), зверствы фашыстаў над дзецьмі і сцэны святой помсты ворагам (“Алёнка”, “Стихи о мести”, “Комсомолец Бахтин”, “Святая месть” і іншыя).
Разам са сваім сябрам-аднакурснікам Андрэем Ушаковым Алесь Жаўрук напісаў шэраг паэм для дзяцей (“Пра майго таварыша”, “Пра слаўных папанінцаў нашага дзетсада”, “Пра майго катка”). Вялікая дарога ў будучыню адкрывалася перад маладым паэтам. Вайна і заўчасная смерць унеслі свае карэктывы. Аднак і створанае маладым паэтам застанецца ў скарбонцы роднай літаратуры.
Падрыхтаваў Міхась КАВАЛЁЎ.