На Гомельшчыне вызначаны пераможцы літаратурных конкурсаў
Шмат ініцыятыў і праектаў ажыццявіла за апошнія некалькі гадоў Гомельскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі. Многія з іх былі накіраваны на работу з творчай моладдзю, пачынаючымі аўтарамі, на развіццё чытання.
У Год кнігі абласным аддзяленнем з 1 сакавіка па 1 жніўня праводзіліся два творчыя конкурсы: пяты абласны конкурс імя Кірылы Турўскага – на лепшае апавяданне і другі абласны паэтычны конкурс, прысвечаны 130-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. Днямі падведзены іх вынікі.
Як паведаміў старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч, у аргкамітэт першага конкурсу было пададзена звыш двух дзесяткаў апавяданняў, у ім удзельнічалі людзі розных прафесій, заняткаў, з розных месцаў і населеных пунктаў Гомельшчыны. Зразумела, і прадстаўленыя імі творы розныя па якаснаму ўзроўню, мастацкаму асэнсаванню, глыбіні раскрыцця вобразаў галоўных герояў, падзей. Разам з тым журы журы і аргкамітэт конкурсу парадавала цяга моладзі да творчасці, імкненне да асэнсавання сённяшняй рэчаіснасці, павага да роднай мовы і культуры.
Журы другога конкурсу пад кіраўніцтвам вядомага паэта Міхася Болсуна давялося прааналізаваць і даць ацэнку амаль чатыром дзесяткам паэтычных спроб, дасланых на конкурс. Тэматычная накіраванасць вершаў – прысвячэнні Янку Купале і Якубу Коласу, роднай мове, непаўторнай прыгажосці беларускай прыроды.
Ушанаванне пераможцаў адбудзецца ў лістападзе, падчас святкавання 130-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа і традыцыйнага абласнога свята “Гомельская літаратурная восень -2012”.
Максім СНЕГІРОЎ.