“Непаўторная вясна Івана Шамякіна” – пад такой назвай у цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшла літаратурная гадзіна, прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Пятровіча Шамякіна. Прысутнічалі на мерапрыемстве навучэнцы педагагічнага каледжа.
Хто ён для нас, гэты чалавек вялікай душы і таленту? І што мы ведаем пра яго, народнага пісьменніка Беларусі? На мерапрыемстве гутарка ішла пра дзяцінства і юнацтва пісьменніка, разглядаліся яго творы.
Сёння можна з упэўненасцю сказаць, што пісьменнік абганяў час, раскрываючы вобразы персанажаў з аповесці “Помста”, рамана “Глыбокая плынь”. Ён першы пачаў пісаць пра тое, на што беларуская літаратура скіруе ўвагу пазней, калі пачне адыходзіць ад аднабаковага раскрыцця ваеннай тэмы. Вялікі рэзананс мелі яго творы: “Сэрца на далоні”, “Вазьму твой боль”. Кнігай жыцця і кахання стала аповесць “Слаўся, Марыя!” Гэта шчымлівы ўспамін пра сваю жонку, Марыю Філатаўну, з якой пражыў 58 гадоў. Яна стала прататыпам вобразаў гераінь яго вядомых твораў.
Па раманах, аповесцях Івана Шамякіна можна прасачыць ваенную і пасляваенную гісторыю нашай краіны, адчуць душу беларускага народа. Не выпадкова, што многія яго творы экранізаваны.
Не адзін дзесятак гадоў і не адно пакаленне вырасла на апавяданнях, аповесцях, раманах Івана Шамякіна, і трэба спадзявацца, што і сучасная моладзь будзе з такой жа цікавасцю вывучаць творчасць народнага пісьменніка Беларусі.
І. ШТАПЕНКА, галоўны бібліятэкар цэнтральнай раённай бібліятэкі.