Стары Цімох – знакаміты на ўсю акругу паляўнічы. Бывала, ні адзін паляўнічы з іх вёскі і навакольных не мог столькі ўпаляваць дзічыны, як ён. Узімку ні разу не вяртаўся з лесу без беляка.

Апошнім жа часам чамусьці Цімоху не шанцуе.

- Страціў ты, відаць, нюх, - жартуе яго жонка, бабуля Марфа. – А можа, ты так дзе швэндаешся, стрэльбу толькі для прыліку носіш?

- Гэта ўсё экалогія вінавата, - апраўдваецца стары паляўнічы. – Дый браканьераў развялося больш, чым зайцоў!

Як бы там ні было, але зайчаціны даўно не елі за сталом у Цімоха.

І тут раптам пранеслася чутка: Верка, дачка Аксінні, што жыве на другім канцы іх вялікай вёскі, якая ўжо носіць назву аграгарадка, злавіла ў горадзе зайца.

“Вось табе і маеш, - зніякавеў Цімох. – Звычайная баба злавіла зайца. А я нават са стрэльбай рады не дам!” І так узяло Цімоха за жывое, што не вытрымаў: дачакаўся чарговай пенсіі і, ні слова не сказаўшы жонцы, паехаў у горад. Распытаў у суседзяў, дзе можна сустрэць Верку.

Завітаў да яе на работу – у аўтапарк. Спытаў у дыспетчара, назваўшы прозвішча – Назарава.

Неўзабаве да яго накіроўвалася высокая маладая дзяўчына з чырвонай павязкай на рукаве і з нейкімі паперамі ў руках.

- Слухаю вас, дзядуля!

- Дзень добры, зямлячка! Гэта ж я спецыяльна прыехаў, каб даведацца, дзе ты таго зайца злавіла. А то мне, бываламу паляўнічаму, сорамна, што ніяк не ўпалюю...

- Ой, дзядуля! – Нечакана рассмяялася дзяўчына. – Ды я гэтых “зайцоў” кожны дзень лаўлю, нават па некалькі ў кожным аўтобусе. Я ж кантралёрам працую...

Міхась СЛІВА.

Недостаточно прав для комментирования. Войдите на сайт используя социальные сети.

Войти с помощью

 


  

Яндекс Реклама