Цікавы старадаўні абрад заклікання дажджу захаваўся ў вёсцы Шапчыцы Званецкага сельсавета. Праз некалькі дзесяцігоддзяў нашы землякі адрадзілі традыцыю продкаў і прадэманстравалі неверагодную па сваёй атмасферы і каларыту тэатралізацыю. Дарэчы, адраджэнне абраду стала магчымым дзякуючы гранту, які Рагачоўскі цэнтр культуры і народнай творчасці выйграў
па праекце грамадзянскіх ініцыятыў Гомельскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў.



У даўнія часы, калі стаяла спякота, жыхары вёсак шукалі розныя спосабы, як уратаваць будучы ўраджай. Сярод такіх народных метадаў спынення гэтай прыроднай з’явы – абрад “Закліканне дажджу”. У Шапчыцах гэтая традыцыя мела свае ўнікальныя асаблівасці.
Загадчык Шапчыцкага сельскага Дома культуры Алена Хворастава расказала, што паўсюль, дзе праводзіўся гэты абрад, яго асаблівасцю з’яўлялася пераворванне дна ракі.
– А жанчыны з нашай вёскі адзіныя на Гомельшчыне замест ракі пераворвалі калодзеж. Пра гэтыя асаблівасці абраду нам некалі расказала мясцовая жыхарка Лідзія Максімаўна Гаўрылькова. На жаль, яе ўжо няма на свеце. Але тыя звесткі, якімі яна падзялілася, вельмі дапамаглі па драбніцах узнавіць старадаўні абрад, – адзначыла Алена Васільеўна. – Жанчына расказвала, што апошні раз мясцовыя жыхары заклікалі дождж недзе ў 1986 годзе. З тых часоў народная традыцыя была ў заняпадзе. Вельмі добра, што ў нас з’явілася магчымасць адрадзіць абрад і папоўніць скарбонку народных традыцый роднага краю.
Атмасферныя Шапчыцы, дзе нібыта засталіся не кранутымі пячаткай сучаснасці ні прырода, ні побыт людзей, сталі лепшай дэкарацыяй для правядзення абраду.
У спякотны дзень удзельніцы тэатралізацыі – дзевяць жанчын, маладых і сталых, – у народных вопратках сабраліся каля хаты і дамовіліся пераараць кало-дзеж, каб нарэшце пайшоў дождж. Узялі неабходныя рэчы: плуг, саматканы ручнік, некалькі збаноў, царкоўныя свечкі. А самае галоўнае – жывога пеўня (поўная назва абраду так і гучыць “Закліканне дажджу на пеўні”). Птушцы адводзілася роля заклікальніка дажджу. “Трымай певень, макавінку і накліч-ка нам дажджынку!”, – звярталіся да яго жанчыны. Цікава, што пеўня для абраду пазычыў сын Лідзіі Гаўрыльковай.
Стройным гуртам удзельніцы абраду моўчкі пайшлі да старога калодзежа. Тройчы абышлі яго з плугам, нібы перааралі, прачыталі малітву “Ойча наш”, перахрысціліся, зачарпнулі вады ў збаны і з абрадавымі замовамі вылілі яе на раза-сланы побач ручнік.
Напрыканцы з надзеяй, што хутка пачнецца дождж, жанчыны развіталіся і разышліся па сваіх хатах.
Лічылася, што калі абрад праведзены правільна, то праз некалькі гадзін альбо на наступны дзень засуха скончыцца – і неба разродзіцца доўгачаканымі кроплямі. Можна ставіцца да такой народнай магіі з пэўным скептыцызмам, але ж праз паўгадзіны стала пахмурна – і зарадзіў дробны дожджык.
– Захаванне і папулярызацыя традыцыйных народных абрадаў  вельмі важна для кожнага з нас. Прадстаўнікі падрастаючага пакалення і моладзь не толькі Рагачоўскага раёна, але і ўсёй Беларусі павінны ведаць свае карані і традыцыі не па падручніках, а бачыць гэта ў жывым асяроддзі, зберагаць іх і перадаваць нашчадкам, – кажуць захавальніцы традыцый з Шапчыц, Ільіча, Беліцка, Серабранкі, Стоўпні, якія прымалі ўдзел у дэманстрацыі абраду.
А загадчык сектара культуры Рагачоўскага райвыканкама Вікторыя Шаўчэнка падкрэсліла, што традыцыйная культура – гэта бясцэнны скарб народа, які дае яму магчымасць самавыяўлення і самазахавання. Падчас абраду рагачоўцы змогуць адчуць сябе часткай гісторыі, усвядоміць самабытнасць роднай культуры, сфарміраваць новыя погляды на святы, традыцыі, рытуалы і нацыянальныя звычаі.
Таксама Вікторыя Уладзіміраўна падзякавала калегам за тое, што яны зрабілі сапраўды важную справу і з душой аднесліся да адраджэння традыцыі продкаў.

 

Вікторыя РАГОЖНІКАВА.
Фота аўтара.

Недостаточно прав для комментирования. Войдите на сайт используя социальные сети.

Войти с помощью

 


  

Яндекс Реклама