У Стрэнькаўскім цэнтры рамёстваў адбыўся выязны семінар работнікаў культуры, які меў назву: “Маскі ў традыцыйным жыцці народа”.

Уступнае слова ўзяла дырэктар раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра аддзела культуры Рагачоўскага райвыканкама І.Р. Седлер. У сваёй прамове яна падкрэсліла, што вырабы ўмелых майстрых раёна неаднаразова экспанаваліся ў Гомельскім Палацы Румянцавых-Паскевічаў, выклікалі захапленне ў гараджан і замежных турыстаў. Творчасць гэтых людзей заслугоўвае ўсеагульнай увагі, спрыяе аўтарытэту Беларусі. Візітоўкай рагачоўскай зямлі таксама можна назваць Стрэнькаўскі цэнтр рамёстваў, дзе можна пабачыць шмат чаго цікавага. Тут не забыліся пра старажытныя набыткі, вярнулі з бабулінай скарбонкі вырабы масак і лялек. І для гэтай мэты стварылі належныя ўмовы. Нават школьнікі ахвотна сюды зазіраюць, каб чамусьці карыснаму навучыцца.

А вось Людміла Мельнікава, вядучы метадыст абласнога Цэнтра народнай творчасці, пазнаёміла прысутных з народнымі абрадамі і звычаямі, якія паспяхова ладзяцца ў іншых мясцінах Гомельшчыны. І выказала пажаданне, каб работнікі культуры шырэй прапагандавалі традыцыі і абрады ў сваіх вёсках, не забываліся, якую магічную сілу маюць родныя вытокі. Бо, нягледзячы на вірлівую сучаснасць, народная творчасць таксама па-ранейшаму адметная і сімвалічная.

Пра гульні Рагачоўскага краю, традыцыйныя звычаі распавядалі дырэктары сельскіх Дамоў культуры Л. Цішкова, З. Раманава, М. Кончыц і іншыя. Яны выказалі думку: калі ёсць зацікаўленыя, апантаныя энтузіясты, то тое, што назапасілі здаўна ў беларускіх вёсках і мястэчках, ніколі не прападзе!

Метадыст-майстар Стрэнькаўскага цэнтра рамёстваў Вольга Ткачова правяла майстар-клас па вытворчасці абрадавых абярэгавых лялек. Самае цікавае, што кожная і асобная дэталь нешта сімвалізуюць.

Яшчэ мы даведаліся ад Вольгі Ткачовай, што цацкі вырабляліся з гліны, саломы, лазы, тканіны, дрэва і звычайнага салёнага цеста. І ўсе мелі сваё непасрэднае прызначэнне, служылі абярэгам для сям’і, хатняй жывёлы.

Ганна АТРОШЧАНКА.

Недостаточно прав для комментирования. Войдите на сайт используя социальные сети.

Войти с помощью

 


  

Яндекс Реклама