Дарагія сябры!

12 лістапада мы адзначаем 100-годдзе слыннага беларускага драматурга, народнага пісьменніка Беларусі Андрэя Ягоравіча Макаёнка.

Андрэй Макаёнак – гэта цэлая эпоха, пісьменнік вялікага грамадзянскага тэмпераменту, яго творчасць стала плённым здабыткам нацыянальнай беларускай літаратуры, п’есы атрымалі ўсеагульнае прызнанне і знайшлі сцэнічнае ўвасабленне як у Беларусі, так і за межамі нашай рэспублікі. Наватарскі характар творчасці Макаёнка дазволіў ёй выйсці за рамкі нацыянальнага значэння.

У асобе гэтага пісьменніка беларуская драматургія мае дастойнага паслядоўніка Янкі Купалы і Кандрата Крапівы. Таленавіты стваральнік п’ес (“На досвітку”, “Выбачайце калі ласка!”, “Каб людзі не журыліся”, “Лявоніха на арбіце”, “Зацюканы апостал”, “Таблетку пад язык”, “Верачка”, Трыбунал” і іншых)–дасягнуў значных поспехаў у пастаноўцы  і эстэтычным вырашэнні актуальных праблем сучаснасці.

Безумоўна, кожны з напісаных Макаёнкам драматургічных твораў, сцэнарыяў да мастацкіх фільмаў – вельмі актуальныя і цяпер, праз чатыры дзясяткі гадоў пасля смерці народнага пісьменніка. Таму што яго ўвага заўсёды была скіравана на вырашэнне агульнаграмадскіх, надзённых і самых важных сацыяльна-палітычных, маральна-этычных праблем, якія хвалявалі людзей у 60-я – 80-я гады мінулага стагоддзя.І многія з гэтых праблем, на жаль, не зжыты, актуальныя ў ХХІ стагоддзі. Можа, таму яны і існуюць дагэтуль, бо мы,усе разам, беларусы, своечасова не прыслухоўваліся да разумных парад нашых класікаў? Можа, таму, што мы чытаем і глядзім зараз не тое, што нам – грамадству – прынясе карысць сёння і заўтра?

Нягледзячы ні на пандэмію, на іншыя праблемы, якія прыносіць сённяшні дзень, знакавая дата – 100-годдзе народнага пісьменніка А.Я. Макаёнка – годна адзначаецца на Гомельшчыне і ў краіне.

Так, на працягу лістапада ў кожнай бібліятэцы вобласці арганізаваны выставы “Талент чалавечнасці і дабрыні”. Мы, літаратары Гомельшчыны, у верасні і ў ліспададзе правялі Дэкаду сучаснай літаратуры, прысвечаную 100-годдзю з дня нараджэння пісьменніка-земляка. На малой радзіме літаратара, у вёсцы Старыя Журавічы, на плошчы, дзе ўстаноўлены бюст пісьменніка-земляка, 12 лістапада пройдзе памятны мітынг у яго гонар. У фармаце анлайн у гэты дзень пройдзе рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя “Андрэй Макаёнак: асоба і час”.Прыемна, што да 100-годдзя народнага пісьменніка Беларусі міні-спектакль па ягоных творах ў народным тэатры “Грачы” Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі пастаўлены міні-спектакль, акцёры ў якім – бібліятэкары!Шмат творчых акцый і падзей запланавалі правесці землякі пісьменніка – работнікі культуры Рагачоўскага раёна. У абласным цэнтрыу вэб-фармаце пройдуць і іншыя мерапрыемствы, прысвечаныя юбілею,удзел у якіх прыме кіраўніцтваі творцы абласнога аддзялення СПБ.

Пералічанае падкрэслівае, што мы – не беспамятныя, мы помнім і ганарымся сваім земляком.

Віншую усіх прыхільнікаў творчасці Макаёнка, чытачоў, калег, прапагандыстаў мастацкай Кнігі і чытання, усіхбеларусаўз нагоды юбілею класіка беларускай літаратуры!

Шчырае прывітанне дасылаю родным і блізкім народнага пісьменніка, яго землякам, якія нямала прыклалі намаганняў па захаванню памяці творцы!

Шчыра вітаю настаўніцкі і вучнёўскі калектыў Журавіцкай сярэдняй школы, работнікаў бібліятэкі Рагачоўшчыны, з якімі мы правялі за апошняе дзесяцігоддзе нямала сумесных творчых акцый у скарбонку памяці драматурга!

Спадзяюся, што творы Андрэя Ягоравіча будуць і надалей знаходзіць належны водгук у душах і сэрцах кожнага з нас!

 

Уладзімір Гаўрыловіч, празаік, публіцыст, ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, сакратар міжнароднага саюза пісьменнікаў і майстроў мастацтваў па Рэспубліцы Беларусь, кіраўнік міжнароднага праекта па збліжэнні славянскіх народаў “Берагі дружбы”.

 

 

 

 

 

Недостаточно прав для комментирования. Войдите на сайт используя социальные сети.

Войти с помощью

Яндекс Реклама