У чэрвені 1943 года ў вёску Новы Крыўск Рагачоўскага раёна пад камандаваннем маёра Шастакова прыйшоў з-за лініі фронту партызанскі атрад. Ён складаўся з мужных, лоўкіх і адважных хлопцаў. Яны бязлітасна знішчалі фашыстаў усюды, дзе толькі сустракалі іх, і ва ўсіх баях выходзілі пераможцамі.

yandex.by

Раніцай 4 чэрвеня шастакоўцы зрабілі на шашы засаду на нямецкую аўтакалону, якая рухалася ў напрамку Гомеля. Некалькі партызан, апрануўшыся ў форму фашыскіх афіцэраў, выйшлі на сярэдзіну дарогі. Астатнія падрыхтаваліся да бою, заняўшы выгадную пазіцыю ў засадзе. Праз некалькі хвілін вадзіцель першай варожай машыны ўбачыў на шашы “сваіх” афіцэраў, якія падавалі знак спыніцца. Уся калона затармазіла. Гэты момант і выкарысталі шастакоўцы. Яны адкрылі па акупантах ураганны агонь. Нямецкія аўтамашыны адна за адной сталі загарацца. Хутка фашысты былі знішчаны. У партызан ахвяр не было.
З Новага Крыўску партызаны перайшлі ў вёску Каменка. Размясціліся ва ўрочышчы Лучка, непадалёку ад вёскі. Мясцовыя жыхары з радасцю сустрэлі народных мсціўцаў, чым маглі, дапамагалі ім. Але не прайло і некалькі гадзін, як з-за верхавін дрэў паказаўся нямецкі самалёт. Сцярвятнік рабіў круг за кругам, высочваючы месца знаходжання партызан. Нямецкі пілот пасылаў на зямлю доўгія курямётныя чэргі. Партызаны не разгубіліся, адкрылі па ім агонь.
Але самае страшнае пачалося на наступны дзень. Яшчэ на досвітку 5 чэрвеня фашысцкія карныя атрады і паліцаі, якія размяшчаліся ў Жлобіне, Рагачове, Карме і Чачэрску, пачалі з усіх бакоў прачэсваць лес у напрамку Каменкі. Вёска апынулася ў акружэнні. З кожнай мінутай вогненнае кальцо стала сціскацца. Ужо выразна быў чуцен гул матораў. Гэта рухаліся аўтамашыны. Пачуліся крыкі на чужой мове. Шастакоўцы падрыхтаваліся да бою. Нарэшце з лесу выйшлі фашысцкія малойчыкі. Партызаны адкрылі агонь. На зямлю замертва падалі ворагі. Сярод фашыстаў пачалася паніка. Яны кінуліся ўцякаць у напрамку Каменкі Маластралкоўскай.
Але да немцаў падыходзіла падмога. І ім усё ж такі ўдалося захапіць большую частку Каменкі. Некалькі партызан, якія знаходзіліся ў гэты час у вёсцы, завязалі бой. Сілы былі няроўныя. У радах праціўніка налічвалася каля пяці тысяч фашыстаў і паліцаяў. Але шастакоўцы здолелі прарваць варожае кальцо і выйсці з акружэння.
Сваю злосць гітлераўскія галаварэзы  спагналі на мірным насельніцтве. Поўнасцю захапіўшы вёску, яны сталі хапаць і расстрэльваць мясцовых жыхароў, затым запалілі вёску. У той дзень  фашысты знішчылі 153 бязвінных чалавекі, спалілі 112 двароў. Так жорстка расправіліся акупанты з жыхарамі Каменкі за тое, што яны дапамагалі партызанам.
З таго жудаснага дня прайшло многа часу. Але людзі памятаюць, не забылі ахвяр фашызму. У вёсцы ёсць помнік загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны. А на вясковых могілках пахаваны некалькі байцоў-шастакоўцаў. Вяскоўцы даглядаюць магілы байцоў, ускладваюць кветкі і вянкі, захоўваюць памяць пра адважных партызан.

Памяць стукае ў сэрцы
Дванаццацігадовым хлапчуком жыхар вёскі Каменка Міхаіл Данілавіч Марчанка сустрэў Вялікую Айчынную вайну. Калі пачала разгортвацца партызанская барацьба супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Міша Марчанка перадаў народным мсціўцам кулямёт, 26 вінтовак, многа скрынак з патронамі, 40 кілаграмаў толу, якія ён назбіраў на месцах баёў.
На ўсё жыццё ўрэзаўся ў памяць дзень 5 чэрвеня 1943 года, калі хлапчук пабачыў звярынае аблічча вайны, яе бесчалавечую жорсткасць.
Той раніцай ён прыгнаў каня з лугу, прытаміўся і прылёг крыху адпачыць. Прачнуўся ад выбухаў снарадаў.
–Хутчэй хавайцеся! – пачуў голас сваёй сястры Ані. Дзеці, а іх было пяцёра, пабеглі хавацца ў акопчык, які быў з пачатку вайны.
Як толькі закончыўся абстрэл, над акопам пачулася:
–Рус, выхадзі!
Следам за камандай у акоп паляцелі варожыя гранаты…
Апрытомнеў Міша пад вечар. Абгарэлі твар і рукі, неймаверна балела правая нага, калола ў грудзях. Заставацца тут сярод смуроду спаленых і попелу было нельга.
Мясцовыя патрыёты перавезлі маленькага партызана ў вёску Надзеждзіна Буда-Кашалёўскага раёна. Не паспеў Міша паправіцца, як немцы схапілі 15 заложнікаў, сярод якіх быў і ён. Хлапчуку ўдаўся пабег. Ён зноў быў сярод партызан, стаў сувязным 256-га атрада, уносіў свой уклад у барацьбу з захопнікамі.
У пасляваенны час Міхаіл Данілавіч Марчанка жыў і працаваў у Рагачове. Карыстаўся вялікай павагай і аўтарытэтам, вёў значную  патрыятычную работу сярод моладзі і дзяцей. На ўласныя сродкі Міхаіл Данілавіч пабудаваў помнік землякам, якія загінулі ў грозныя гады Вялікай Айчыннай вайны.
     

Міхась КАВАЛЁЎ.

Перепечатка текста и фотографий slova.by запрещена без разрешения редакции.

 

Недостаточно прав для комментирования. Войдите на сайт используя социальные сети.

Войти с помощью

Би-би такси

 

 

  

Яндекс Реклама