Вядомы беларускі пісьменнік Васіль Ткачоў прывёз на малую радзіму пацёртую часам, іржавую клямку – галоўную гераіню яго літаратурнага монаспектаклю з аднайменнай назвай.

На літаратурную сустрэчу з вядомым драматургам прыйшоў яго сябра
Сяргей Філіпчанка (справа).


«Клямка» дэбютыравала на іправізаванай сцэне Гомельскай абласной бібліятэкі імя Леніна яшчэ ў мінулым годзе. А нядаўна гэтая жыццёвая пастаноўка завітала і ў наш горад. Напярэдадні сустрэчы з землякамі аўтар-выканаўца Васіль Ткачоў прыкметна хваляваўся, аднак знайшоў некалькі хвілін пагутарыць з карэспандэнтамі раённай газеты, у якой, між іншым, пачынаўся яго шлях па ніве журналістыкі.
Васіль Юр’евіч прызнаўся, што заўсёды цікавіўся тэатрам. А сёння драматургія і ўвогуле займае цэнтральнае месца ў яго творчасці. У скарбонцы пісьменніка больш за 70 п’ес. Монаспектакль «Клямка» адрозніваецца перш за ўсё сваёй аўтабіяграфічнасцю.
– Для мяне гэта не столькі спектакль, колькі творчая справаздача перад землякамі, – адкрыўся Васіль Ткачоў. – Простымі словамі, з мінімальным наборам дэкарацый я паспрабую данесці да рагачоўскага гледача сваю філасофію. Клямка для мяне – не проста прыстасаванне, каб зачыніць дзверы, а жыццёвы мост паміж тымі людзьмі, якія да яе дакраналіся. Гэта сімвал малой радзімы, сямейная рэліквія. За клямку бралася некалі мая маці. Я дакранаюся да клямкі, а здаецца – трымаюся за маміну руку. Мы бярэмся за клямку, каб выйсці на двор, на вуліцу, на шырокую жыццёвую прастору. Без клямкі  аніяк. Яна выводзіць нас у свет, яна першай і сустракае цябе, калі ты вяртаешся на родны парог…
На працягу ўсяго спектаклю аўтар амаль не выпускаў з рук тую самую клямку з роднай хаты, якая натхніла яго на стварэнне п’есы. Вядома, з ёй звязаны і працяглы жыццёвы шлях, станаўленне Васіля Ткачова як пісьменніка, які ўжо падараваў свету 27 кніг. І гэта яшчэ, дасць Бог, не мяжа.
Клямка стала прадметам-сімвалам, да якога дакраналіся не толькі маці, родзічы і сябры, але знаёмыя і малавядомыя асобы, шырокі жыццёвы прастор якіх далучаў менавіта да гэтай хаты. Добрым словам пісьменнік успомніў нават украінцаў з Данбаса, якія прыязджалі да ягоных родзічаў па бульбу і заначавалі ў хаце. Яго родныя як зачараваныя слухалі напеўную ўкраінскую мову і адначасова пранікаліся любо­ўю да сваёй.
Сярод іншых да «Клямкі» дакраналіся і артысты Рагачоўскага народнага тэатру, якія дапамагалі нашаму таленавітаму земляку на сцэне – ужываліся ў ролі герояў самых выдатных апавяданняў беларускага творцы. Сёння п’есы вядомага драматурга Васіля Ткачова пастаўлены ў тэатрах Гомеля – у абласным, лялечным, мала-дзёжным, а таксама ў тэатрах Магілёва, Мазыра, Віцебска, Брэста, Расіі, Казахстана, Таджыкістана, Украіны, Эстоніі. На рагачоўскай сцэне спектакль паводле твораў Васіля Ткачова з’яўляўся толькі аднойчы, больш за 30 гадоў таму. гэта была камедыя «Лесвіца», якую прапанаваў мясцовай публіке рэжысёр Рагачоўскага народнага тэатру Аляксей Сількевіч. А нядаўна Васіль Ткачоў скончыў п’есу «Сем трафеяў радавога Шапкіна».
Успаміны пісьменніка зрабілі каляровымі яго шчырыя пачуцці і бліскучыя жарты – раз-пораз зала пляскала ў далоні, добрыя ўсмешкі свяціліся на тварах гледачоў.
Лірычнасці спектаклю надалі песні савецкай пары і асабістыя фотаздымкі аўтара – яны зрабілі сустрэчу яшчэ больш чуллівай і адметнай. Частку свайго «залатога» голасу гледачам падараваў вядомы рагачоўскі выканаўца Сяргей Філіпчанка, які ўпрыгожыў творчы вечар сваёй «Калінушкай». У знак удзячнасці Васіль Ткачоў уручыў даўняму сябру сваю кнігу.
Увесь монаспектакль «Клямка» быў працяты тугой па малой радзіме. І разам з аўтарам кожны – і школьнік, і дарослы – адчуў: няма на свеце радней і прыгажэй таго месца, дзе ты з’явіўся на свет. І няма людзей бліжэй і даражэй, чым бацькі, дзядулі і бабулі, землякі.

Вікторыя РАГОЖНІКАВА.
Фота Раісы БАРАВОЙ.

Перепечатка текста и фотографий slova.by запрещена без разрешения редакции.

Недостаточно прав для комментирования. Войдите на сайт используя социальные сети.