Colors: Yellow Color

У гэтым месяцы, як вядома, адзначаюцца два юбілеі славутых беларускіх пісьменнікаў і нашых землякоў - Андрэя Макаёнка і Уладзіміра Караткевіча. З гэтай нагоды ў Кашарскай сельскай бібліятэцы для ўсіх наведвальнікаў былі арганізаваны цікавыя літаратурныя выстаўкі.  Першая, пад назвай “Выдатны майстар сатыры”, прысвечана Андрэю Макаёнку, юбілей якога адзначаўся 12 лістапада. А другая - “Там Беларусь, дзе Караткевіч”, падрыхтавана да 80-годдзя Уладзіміра Караткевіча, якое будзе адзначацца 26 лістапада. На выстаўках прадстаўлена літаратура аб жыцці і творчасці пісьменнікаў, а таксама іх знакамітыя творы.

– Гэта сапраўды цікавыя выстаўкі, – расказвае бібліятэкар Наталля Васільеўна Рудкоўская. – Тут можна даведацца, які жыццёвы і творчы шлях прайшлі пісьменнікі, колькі пражылі на Рагачоўшчыне і якія творы напісалі менавіта на сваёй радзіме. Бо не кожнаму вядома, што Андрэй Макаёнак нарадзіўся ў вёсцы Борхаў Рагачоўскага раёна. Караткевіч часта наведваў Рагачоў, адпачываў тут, знаходзіў падтрымку і разуменне. Таксама на Рагачоўшчыне жылі некалі бацькі паэта. Гістарычнае мінулае Рагачова, а таксама традыцыі яго жыхароў знайшлі свой адбітак у творах Уладзіміра Караткевіча.

Таксама да юбілею У.Караткевіча Наталля Васільеўна падрыхтавала мерапрыемства – літаратурную гадзіну “Пісьменнік, час, легенда”.  Бібліятэкар расказала наведвальнікам аб біяграфіі пісьменніка, яго грамадскай пазіцыі, аб сувязі Караткевіча з Рагачоўшчынай.

Адметна тое, што жыхары вёскі цікавяцца выстаўкамі. Асаблівым поспехам яны карыстаюцца ў школьнікаў. І гэта не выпадкова: хто ж не чытаў па школьнай праграме “Каласы пад сярпом тваім” У.Караткевіча і “Лявоніху на арбіце” А.Макаёнка?

Алена ЖАНДАРАВА.

Адбыўся справаздачна-выбарны сход абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. У яго рабоце прынялі ўдзел намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама П.А. Кірычэнка і начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы аблвыканкама А.А. Каціла. У сваім выступленні Пётр Аляксеевіч Кірычэнка шчыра вітаў літаратараў і падкрэсліў, што адна з галоўных задач членаў пісьменніцкага саюза – напісанне твораў, якія прапагандуюць ідэалы нашай маладой дзяржавы, высвечваць праблемы грамадства.

Са справаздачным дакладам выступіў старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Уладзімір Гаўрыловіч. Ён адзначыў, што з часу стварэння творчай арганізацыі – са снежня 2006 года – пісьменніцкая арганізацыя вобласці вырасла з 13 да 41 чалавека, паэты і празаіка выдалі 73 кнігі, многія аўтары сталі пераможцамі і лаўрэатамі прэстыжных літаратурных конкурсаў. Арганізацыя вядзе значную прапагандысцка-масавую работу, умацоўвае творчае супрацоўніцтва з пісьменнікамі Расіі, Украіны.

Пасля абмеркавання даклада на сходзе адбыліся выбары старшыні абласнога аддзялення СПБ і дэлегатаў на другі з’езд Саюза пісьменнікаў Беларусі, які адбудзецца ў пачатку 2011 года.

Старшынёй Гомельскага абласнога аддзялення СПБ на новы тэрмін зноў абраны пісьменнік Уладзімір Гаўрыловіч.

Максім СНЕГІРОЎ.

На конкурс былі прадастаўлены 22 работы з 18 навучальных устаноў.

Пераможцамі прызнаны Дзмітрый Бондараў – вучань 6-га класа Высокаўскай базавай школы; Ірына Драгунова – вучаніца 6-га класа Збароўскага вучэбна-педагагічнага комплекса; Бондарава Ганна – вучаніца 8-га класа Высокаўскай базавай школы; Алена Міханцьева – вучаніца 7-га класа Высокаўскай базавай школы; Яна Пажарыцкая – вучаніца 11 “Б” класа гімназіі горада Рагачова; Аліна Цімашкова – вучаніца 9-га класа Кісцянёўскай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы.

Журы вызначыла і лаўрэатаў конкурсу. Імі сталі: Аляксандр Пумпулеў і Аляксей Лаўрэнаў (10 клас Журавіцкай САШ), Вольга Паншына (9 “Б” клас гімназіі г. Рагачова), Ягор Лапухоў (7 клас Хатаўнянскай САШ), Вікторыя Хіраімава (11 “А” клас САШ №2 г. Рагачова), Ксенія Печкурова (7 “А” клас САШ №3 г. Рагачова), Андрэй Бондараў (7 клас Станькаўскай базавай школы), Святлана Тамашкова (8 клас Лучынскай САШ), Алена Краўцова (8 клас Курганскай САШ), Яўген Клімаў (7 “Г” клас САШ №5 г. Рагачова), Антон Старавойтаў (6 клас Побалаўскай САШ), Вікторыя Качмарова (9 “Б” клас гімназіі г. Рагачова).

Журы адзначыла высокі ўзровень работ і такіх вучняў, як Людміла Медушэўская (6 клас Стаўпнянскай САШ), Таццяна Бурцава (10 клас Гарадзецкай САШ), Вера Кузняцова (7 “А” клас САШ №4 г. Рагачова), Аксана Вароніна (11 клас Старасельскага вучэбна-педагагічнага комплекса), Павел Ганчароў (Запольскі вучэбна-педагагічны комплекс).

Як адзначыў старшыня журы конкурсу, кіраўнік раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Андрэй Генадзьевіч Шышкін, конкурс садзейнічаў развіццю пошукавай і краязнаўчай дзейнасці сярод школьнікаў, папулярызацыі гераізму і мужнасці старэйшага пакалення.

Максім СНЕГІРОЎ.

[caption id="attachment_2313" align="alignleft" width="227"]Іван Шамякін і Андрэй Макаенак Іван Шамякін і Андрэй Макаенак[/caption]

12 лістапада 2010 года спаўняецца 90 год з дня нараджэння славутага беларускага драматурга, пісьменніка-сатырыка Андрэя Макаёнка.

Андрэй Ягоравіч Макаёнак – наш зямляк. Нарадзіўся ён 12 лістапада 1920 года ў вёсцы Борхаў Рагачоўскага раёна. Закончыў Журавічскую сярэднюю школу.

Удзельнік Вялікай Айчынай вайны. Пасля цяжкага ранення працаваў настаўнікам у Грузіі. А пасля вызвалення Рагачоўскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў вяртаецца на радзіму, працуе на камсамольскай і партыйнай рабоце.

Затым Андрэй Ягоравіч заканчвае Рэспубліканскую партыйную школу і працуе ў часопісе сатыры і гумару “Вожык”. У гэты час малады пісьменнік сустракаецца з Кандратам Крапівой, па яго парадзе пачынае пісаць фельетоны і пьесы.

У 1966 – 1978 гадах Андрэй Макаёнак – таленавіты пісьменнік, актыўны ўдзельнік літаратурнага жыцця краіны – працуе рэдактарам рэспубліканскага літаратурна-мастацкага і грамадска-палітычнага часопіса “Нёман”, дапамагае маладым пісьменнікам у творчасці і жыцці. Асабістым прыкладам натхняў іншых пісьменнікаў на стварэнне высокамастацкіх твораў.

У гэтыя і пазнейшыя гады Андрэй Макаёнак напісаў камедыі “Выбачайце, калі ласка!”, “Каб людзі не журыліся”, “Лявоніха на арбіце”, “Зацюканы апостал”, “Трыбунал”, “Святая прастата”, “Таблетку пад язык”, “Верачка”, “Пагарэльцы”. Творы выдатнага пісьменніка-сатырыка друкаваліся ў часопісах і кнігах, гучалі па радыё, па іх ставіліся спектаклі на многіх мовах народаў Савецкага Саюза і за мяжой.

Па сцэнарыях драматурга зняты фільмы “Шчасце трэба берагчы”, “Кандрат Крапіва”, “Рагаты бастыён”, тэлефільм “Пасля кірмашу”.

Андрэй Ягоравіч Макаёнак актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці, быў узнагароджаны ордэнамі “Знак Пашаны”, Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі. Яму было нададзена высокае званне – народны пісьменнік Беларусі.

Памёр Андрэй Ягоравіч Макаёнак у 1983 годзе.

Імем славутага пісьменніка названы вуліцы ў Мінску і іншых гарадах, устаноўлены помнікі, у тым ліку і ў аграгарадку Журавічы. Яго імя носіць Журавіцкая сярэдняя агульнаадукацыйная школа, дзе створаны і працуе музей Андрэя Макаёнка.

Міхась КАВАЛЁЎ.

Раённы цэнтр турызму і краязнаўства, раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, рэдакцыя газеты “Свабоднае слова”, райком Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і раённы савет ветэранаў аб’явілі раённы конкурс краязнаўчых газет і часопісаў навучальных устаноў Рагачоўшчыны. Ставіцца мэта выканаць раённыя мерапрыемствы другога этапу рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, развіваць творчы патэнцыял школьнікаў навучальных устаноў, актывізаваць краязнаўчую дзейнасць школьнай моладзі.

У адпаведнасці з палажэннем у конкурсе можа ўдзельнічаць моладзь навучальных устаноў горада і раёна. Час правядзення конкурсу – з 26 кастрычніка па 23 снежня 2010 года.

У змесце краязнаўчых газет і часопісаў неабходна адлюстраваць наступныя тэмы: дзейнасць саветаў школьных музеяў, музейных экспазіцый і этнаграфічных куткоў; пошукава-даследчую дзейнасць школьнай моладзі па наступных напрамках: “Удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны”, “Удзельнікі партызанскага руху на Рагачоўшчыне ў 1941-1944 гадах”, “Вязні нямецкіх лагераў смерці”, “Сведкі Вялікай Айчыннай вайны”; гісторыя навучальных устаноў Рагачоўшчыны; знакамітыя выпускнікі навучальных устаноў; школьны турызм і экалагічнае выхаванне; перагагічныя дынастыі навучальных устаноў; удзел школ у гарадскіх, раённых, абласных і рэспубліканскіх турысцка-краязнаўчых мерапрыемствах; традыцыі грамадска-патрыятычнага выхавання ў навучальных установах Рагачоўшчыны; спорт, турызм і культурны адпачынак у навучальных установах. Матэрыялы ў газетах могуць быць пададзены ў жанрах інтэрв’ю, рэпартаж, карэспандэнцыя, каментарый, артыкул, гумар. Характэрныя патрабаванні да часопісаў: работа павінна быць аформлена ў выглядзе часопіса і абапірацца на аналагічны матэрыял.

Мова напісання краязнаўчых газет і часопісаў – беларуская альбо руская. Тэксты трэба пісаць разборлівым почыркам ці набіраць на камп’ютары. Школьная рэдкалегія можа арыентавацца на традыцыйны макет газеты ці распрацаваць свой асабісты.

Газеты і часопісы дасылаюцца ў цэнтр турызму і краязнаўства да 23 снежня 2010 года на адрас: г. Рагачоў, вул. Леніна, 50.

Пераможцы конкурсу будуць узнагароджаны Граматамі, Лістамі падзякі і каштоўнымі падарункамі.

Максім СНЕГІРОЎ.

Войти с помощью

Яндекс Реклама