Юбілей

Быў. Ёсць. Буду

У гімназіі Рагачова пад такой назвай прайшла вечарына, прысвечаная 80-годдзю з дня нараджэння знакамітага беларускага пісьменніка, нашага земляка Уладзіміра Караткевіча.

Гімназісты падрыхтавалі цудоўную праграму. Адкрылася яна сапраўдным літаратурным спектаклем-інсцэніроўкай інтэрв’ю пісьменніка газеце “Літаратура і Мастацтва”. Гучалі адказы Уладзіміра Караткевіча на пытанні выдання, развагі беларускага класіка аб жыцці і творчасці, яго вершы. Літаратурны аўтапартрэт быў створаны з дапамогай тэхнічных сродкаў-слайдаў з фотаздымкамі. Працавала і выстаўка “Караткевіч: асоба часу”.

Сваімі ўспамінамі, звязанымі з жыццём і творчасцю пісьменніка на Рагачоўшчыне, падзяліўся краязнаўца, мастак і паэт У.І. Паладзенка. Ён, дарэчы, зачытаў і перадаў гімназіі свой выдатны верш, прысвечаны У. Караткевічу.

У вечарыне прынялі актыўны ўдзел сталічныя госці – мінскі літаратар і журналіст Глеб Лабадзенка і кампазітар і спявак Яўген Валошын. У музычнай гасцёўні з праграмай “Музыка яго вершаў”, прысвечанай творчасці юбіляра, выступіў кампазітар, музыкант і спявак Зміцер Вайцюшкевіч. Госці падарылі гімназістам кнігі і наборы паштовак, прысвечаных жыццю і творчасці пісьменніка.

На вечарыне адзначалася, што ў творчай спадчыне Уладзіміра Караткевіча ўвасоблена драматычная і гераічная гісторыя беларускага народа, яго духоўныя і маральныя якасці. А высокамастацкая творчасць пісьменніка, які праславіў Рагачоў і яго жыхароў, з’яўляецца духоўным поўнамоцным прадстаўніком беларускага народа і яго культуры ў розных краінах свету.

У вечарыне прыняў удзел і выступіў намеснік старшыні Рагачоўскага раённага выканаўчага камітэта В.С. Каральчук, які падкрэсліў, што юбілей Уладзіміра Караткевіча – гэта значная падзея ў грамадскім і культурным жыцці, якая будзе садзейнічаць развіццю нацыянальнай культуры і духоўнасці. А рагачоўцы заўсёды будуць берагчы і шанаваць памяць пра свайго славутага земляка.

Міхась КАВАЛЁЎ.

Недостаточно прав для комментирования. Войдите на сайт используя социальные сети.

Войти с помощью

 

 

 

  

Яндекс Реклама