У гэтым месяцы, як вядома, адзначаюцца два юбілеі славутых беларускіх пісьменнікаў і нашых землякоў - Андрэя Макаёнка і Уладзіміра Караткевіча. З гэтай нагоды ў Кашарскай сельскай бібліятэцы для ўсіх наведвальнікаў былі арганізаваны цікавыя літаратурныя выстаўкі.  Першая, пад назвай “Выдатны майстар сатыры”, прысвечана Андрэю Макаёнку, юбілей якога адзначаўся 12 лістапада. А другая - “Там Беларусь, дзе Караткевіч”, падрыхтавана да 80-годдзя Уладзіміра Караткевіча, якое будзе адзначацца 26 лістапада. На выстаўках прадстаўлена літаратура аб жыцці і творчасці пісьменнікаў, а таксама іх знакамітыя творы.

– Гэта сапраўды цікавыя выстаўкі, – расказвае бібліятэкар Наталля Васільеўна Рудкоўская. – Тут можна даведацца, які жыццёвы і творчы шлях прайшлі пісьменнікі, колькі пражылі на Рагачоўшчыне і якія творы напісалі менавіта на сваёй радзіме. Бо не кожнаму вядома, што Андрэй Макаёнак нарадзіўся ў вёсцы Борхаў Рагачоўскага раёна. Караткевіч часта наведваў Рагачоў, адпачываў тут, знаходзіў падтрымку і разуменне. Таксама на Рагачоўшчыне жылі некалі бацькі паэта. Гістарычнае мінулае Рагачова, а таксама традыцыі яго жыхароў знайшлі свой адбітак у творах Уладзіміра Караткевіча.

Таксама да юбілею У.Караткевіча Наталля Васільеўна падрыхтавала мерапрыемства – літаратурную гадзіну “Пісьменнік, час, легенда”.  Бібліятэкар расказала наведвальнікам аб біяграфіі пісьменніка, яго грамадскай пазіцыі, аб сувязі Караткевіча з Рагачоўшчынай.

Адметна тое, што жыхары вёскі цікавяцца выстаўкамі. Асаблівым поспехам яны карыстаюцца ў школьнікаў. І гэта не выпадкова: хто ж не чытаў па школьнай праграме “Каласы пад сярпом тваім” У.Караткевіча і “Лявоніху на арбіце” А.Макаёнка?

Алена ЖАНДАРАВА.

Недостаточно прав для комментирования. Войдите на сайт используя социальные сети.

Войти с помощью

 

 

 

  

Яндекс Реклама