У Доме кнігі ў Рагачове адбылася імпрэза, прысвечаная 80-годдзю сатырычнага часопіса «Вожык». Арганізавала і вяла мерапрыемства загадчык аддзела абслугоўвання цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Уладзіміра Караткевіча Ганна Масіеўская.

Галоўнымі дзейнымі асобамі былі дзесяцікласніцы Рагачоўскай сярэдняй школы № 6 Аляксандра Брухавецкая, Вікторыя Гарохава і Валерыя Клімава, якія пад кіраўніцтвам сваёй настаўніцы гісторыі і грамадазнаўства Ларысы Літвінавай падрыхтавалі навуковае даследаванне, прысвечанае сатырычнай дзейнасці старэйшага выдання нашай краіны – часопіса «Вожык».

Часопіс гэты, як вядома, вырас з агітплаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», які пачалі выдаваць у чэрвені 1941 года ў Гомелі, калі ішло наступленне нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Вострай карыкатурай, трапным сатырычным словам беларускія мастакі і пісьменнікі дапамагалі савецкаму народу змагацца з акупантамі. Пра гэта, а таксама аб тым, якія тэмы распрацоўваў часопіс «Вожык» у мірны час пасля Вялікай Перамогі і на сучасным этапе, навучэнкі зрабілі дасканалыя даклады. Маладыя даследчыкі прааналізавалі праблемы, якія адлюстроўвае часопіс, а таксама тыя, якія хвалююць рагачоўцаў (зрабілі апытанне амаль сотні землякоў ва ўзросце ад 15 да 70 гадоў).  

Перад слухачамі – а гэта былі вучні старэйшых класаў сярэдніх школ № 5 і № 6 – выступіў таксама член рэдкалегіі часопіса «Вожык», член Саюза пісьменнікаў Беларусі і  Беларускага саюза журналістаў Міхась Кавалёў (Сліва). Ён падзяліўся ўспамінамі аб сваім больш чым паўвекавым супрацоўніцтве з часопісам, расказаў  пра многіх аўтараў, чые творы ўпрыгожваюць старонкі любімага ў народзе выдання. Асаблівую ўвагу ўдзяліў пісьменнікам-гумарыстам і сатырыкам  Гомельшчыны, і ў першую чаргу Васілю Ткачову, які таксама з’яўляецца членам рэдкалегіі шаноўнага часопіса.

На імпрэзе адбылася і прэзентацыя чарговага  нумара часопіса «Рогачевский исторический журнал», які рыхтуе і выдае вядомы краязнавец і калекцыянер Міхаіл Альха.

 

Таццяна МАКАРАНКА.

 

 

 

Недостаточно прав для комментирования. Войдите на сайт используя социальные сети.

Войти с помощью

\

 

  

Яндекс Реклама