8 лютага спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння Івана Паўлавіча Мележа. Гэты ўраджэнец вёскі Глінішча Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці не без падстаў лічыцца класікам айчыннай літаратуры. Ён аднолькава выдатна глядзеўся як пісьменнікпубліцыстдраматурглітаратуразнавец. Па кожнай з пералічаных пазіцый маецца творчая прадукцыя Івана Паўлавіча, якая чытаецца на адным подыху, дастаўляе сапраўдную асалоду чытачу. Літаратурная спадчына гэтага чалавека складаецца з дзевяці зборнікаў апавяданняў, чатырох раманаў, трох п’ес.

У творах І.П. Мележа адлюстроўвалася праўда жыцця. Такое адлюстраванне стала магчымым, таму што аўтар твораў шмат што перажыў, шмат што ведаў, быў сведкай сталінскай эпохі, хрушчоўскай адлігі, брэжнеўскага застою. Жывучы ва ўмовах таталітарнага палітычнага рэжыму, ён крок за крокам выдаўліваў з сябе раба, у глыбіні душы заставаўся носьбітам маральных і духоўных агульначалавечых каштоўнасцяў. Менавіта на такія каштоўнасці былі зарыентаваны землякі гэтага чалавека, уключаючы яго бацькоў. Яшчэ з дашкольных гадоў Ваня Мележ падсілкоўваўся хараством палескай прыроды. Да дасягнення поўналецця прайшоў сялянскія ўніверсітэты, адчуваў сябе як рыба ў вадзе ў няпростай сялянскай працы. У час службы ў Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі (РСЧА) прымаў удзел у дзвюх ваенных кампаніях. Першая кампанія: паход РСЧА у Бесарабію і Паўночную Букавіну, другая -- Вялікая Айчынная вайна. Раненні, атрыманыя ў час другой ваеннай кампаніі, давалі пра сябе знаць да самага канца жыцця. Пасля другога ранення вайсковыя эскулапы ўпарта настойвалі на неабходнасці ампутацыі правай рукі. 21-гадовы Іван Мележ з вялікай цяжкасцю  ўгаварыў іх гэтага не рабіць. Атрымаў фундаментальную філалагічную адукацыю, бліскуча скончыўшы Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя У.І. Леніна (БДУ). Будучы шмат гадоў адным з кіраўнікоў Саюза пісьменнікаў БССР, добра ведаў настроі ў шэрагах творчай інтэлігенцыі. Да гэтага трэба дабавіць кіруючыя пазіцыі ў шэрагу іншых самадзейных грамадскіх арганізацый, актыўны ўдзел у народнай дыпламатыі; выкананне вельмі адказных абавязкаў парламентарыя рэспубліканскага ўзроўню, якое працягвалася дзевяць гадоў. Набываўся таксама вопыт партыйнай і навуковай працы. І ўсюды былі шматлікія сустрэчы з рознымі людзьмі.

Калі разглядаецца творчы шлях пісьменніка, заўсёды ставіцца пытанне: “Як усё пачыналася?”. Для І.П. Мележа стартавая кропка на гэтым шляху: абвяшчэнне часопісам “Іскры Ільіча” конкурса на лепшае апавяданне па малюнках “Прыгоды на мяжы”. 12-гадовы палескі хлапчук вырашыў удзельнічаць у конкурсе. Напісаў апавяданне, паслаў яго ў сталіцу БССР. З Мінску паведамілі, што Ваня Мележ аказаўся ў ліку пераможцаў. Праз шмат гадоў герой нарыса сведчыў: “Я лічу ўдзел у гэтым конкурсе першым сваім пісьменніцкім поспехам, першай аўтарскай радасцю. Адтуль усё і пачыналася”.  Далей пайшлі вершы і апавяданні школьніка, якія нідзе не друкаваліся. Ён паказваў кожную новую рэч любімаму настаўніку М. Пакроўскаму. М.Пакроўскі пастаянна натхняў Ваню на далейшую літаратурную творчасць. Ён меў самае непасрэднае дачыненне да апублікавання першага верша свайго вучня. Верш называўся “Радзіме”. Яго надрукаваў орган ЦК ЛКСМБ газета “Чырвоная змена”. Аўтару верша было тады 18 гадоў. І.П. Мележ увесь далейшы  час быў удзячны М. Пакроўскаму за спрыянне ў гэтым пытанні.

Праз чатыры гады ўпершыню пройдзе выдавецкі працэс апавяданне ўраджэнца вёскі Глінішча. Чытачы газеты «Бугурусланская правда» атрымаюць магчымасць азнаёміцца з  апавяданнем на рускай мове «Последняя операция». Першы выпадак апублікавання апавядання на беларускай мове датуецца 25 лістапада 1944 г. У гэты  дзень увазе чытачоў газеты «Звязда» было прапанавана апавяданне 23-гадовага І.П. Мележа «Сустрэча ў шпіталі».

Сапраўды лёсавызначальнай была сустрэча І.П. Мележа з Кузьмой Чорным. Малады чалавек паказаў Кузьму Чорнаму свае творы. Літаратурны класік быў у вялікім захапленні і прадказаў І.П. Мележу вялікае будучае як пісьменніку. К. Чорны больш за ўсё быў крануты апавяданнем І.П. Мележа «У зaвipyxy». Яно ўвойдзе ў аднайменны зборнік, выданне якога адбудзецца праз два гады пасля смерці Кузьмы Чорнага. Тут мы маем справу з пісьменнікам-псіхолагам высокага ўзроўню.  І менавіта такога ўзроўню дасягнуў малады ўраджэнец вёскі Глінішча на той момант. Ва ўзросце 27 гадоў І.П. Мележ адзначыўся выхадам кнігі прозы «Гарачы жнівень». Такое найменне было не новым на творчым шляху героя нарыса. Так называлася, аповесць, напісаная 25-гадовым І.П. Мележам. Ён быў вельмі засмучаны пасля наведвання роднай вёскі. Яе германскія акупанты спалілі і спустошылі. І ў той жа час былі падставы адчуваць радасць мірнага жыцця, пасцігаць феномен жыхароў палескай вёскі, якія мірна працуюць. Ураджэнец вёскі Глінішча спявае гімн менавіта такой працы, паказвае тамтэйшых сялян носьбітамі душэўнай прыгажосці. Пры гэтым як ніколі раней абазначаецца духоўная блізасць аўтара да палескага сялянства.

Кніга прозы “Гарачы жнівень” пазней стала часткай першага ў творчай біяграфіі І.П. Мележа цыкла. У дадзены цыкл таксама ўвойдуць апавяданні «Перад навальніцай», «Павел прыехаў». Практыка аб’яднання твораў у цыклы будзе мець месца і ў далейшай творчай біяграфіі пісьменніка.

          У трыццацідвухгадовым узросце герой нарыса дэбютаваў як аўтар першага выдадзенага рамана. Яго найменне: «Мінскі напрамак».  Змястоўная частка: адлюстраванне сродкамі мастацкай літаратуры вызвалення БССР ад германскіх акупантаў летам 1944 года. Гэта першы раман, у якім цэнтральная сюжэтная лінія завязана на аперацыі  «Баграціён». Перад намі першы вопыт сістэмнай рэканструкцыі дадзенай стратэгічнай наступальнай аперацыі ў мастацкай літаратуры. Вопыт настолькі ўдалы,  што калегі па цэху сталі казаць пра Мележа як пра аднаго з лепшых маладых празаікаў, якія пісалі на ваенную тэму. 

          Затым пройдуць выдавецкі працэс зборнікі прозы: «Блізкае і далёкае», «У гарах дажджы», «Што ён за чалавек», аповесць «Дом пад сонцам», апавяданне  «Спатканне за горадам», п’есы: «Пакуль вы маладыя», «Дні нараджэння», «У новым доме». П’еса «Пакуль вы маладыя» была першай на творчым шляху Мележа-драматурга.

Зорны час Івана Мележа як пісьменніка – публікацыя  цыкла раманаў «Палеская хроніка». У гэтым цыкле тры раманы. Першы раман «Людзі на балоце» ўбачыў свет у час хрушчоўскай адлігі, раманы «Подых навальніцы»  і «Завеі, снежань» -- у разгар брэжнеўскага застою.  Раман «Людзі на балоце» мае ўсе прыкметы лірычнага рамана. Ёсць усе падставы для таго, каб характарызаваць раманы «Подых навальніцы»  і «Завеі, снежань» як трагедыйныя раманы-даследаванні. Аўтар трылогіі канцэнтруе сваю ўвагу на лёсе палескага сялянства ў часы новай эканамічнай палітыкі (НЭПа) і калектывізацыі сельскай гаспадаркі. Упершыню ў беларускай мастацкай літаратуры паказаны адмоўны ўплыў прымусовай калектывізацыі, якая была ажыццёўлена камуністычнымі ўладамі, на сялянства. Выступаючы як пісьменнік-псіхолаг, як інжынер чалавечых душ, аўтар падводзіць чытача да наступных высноў. Гвалтоўная калектывізацыя ніяк не ўпісвалася ў тыя здаровыя маральныя ўстоі, на якіх трымалася палеская вёска. Яна ніяк не сумяшчалася з менталітэтам палескіх сялян. У палескай вёсцы ўсталёўваўся пазаэканамічны прымус, які чымсці нагадваў феадальныя метады эксплуатацыі непасрэдных вытворцаў. Адчуваецца, што ў Івана Паўлавіча была ўласная арыгінальная і ў той жа час пераканаўчая мастацкая канцэпцыя працэсаў, якія адбываліся ў палескіх вёсках у 1920-х – 1930-х гг. Пісьменнік  стварыў вобразы герояў, якія з’яўляюцца тыповымі для беларускага нацыянальнага характара. У першую чаргу размова ідзе пра вобразы  Ганны, Васіля, Апейкі.

Соф’я Ліпніцкая, адзіная сваячка Івана Мележа, якая засталася з  Глінішчы, успамінае:  “Сваю трылогію «Палеская хроніка» Іван Паўлавіч прысвяціў сваім землякам, аднавяскоўцам, роднай зямлі. Я некалькі разоў перачытвала ўсе яго раманы, як там праўдзіва ўсё напісана! Там былі рэальныя героі. Гэта той жа Зайчык, які ўвесь час ганарыўся, што пішуць пра яго ў кнізе. Швачка Голда (у Глінішчы яе звалі Годля), якая шыла галоўнай гераіне Ганне кофту да вяселля”.

У архітэктоніку нашага артыкула  арганічна ўпісваецца пытанне пра асаблівасці мастацкай мовы І. Мележа. Ва ўспамінах ураджэнца вёскі Глінішча можна адшукаць шэраг фрагментаў, якія сведчаць пра яго стаўленне да матчынай мовы. Літаратурны класік не скрывае сваю  «нясмеласць у абыходжанні са словам». Кранаюць душу наступныя радкі з успамінаў І.П. Мележа: «Я чую тое, што пішу, як музыку, з мелодыяй, з рытмам. Бывае, чытаю ўслых напісанае. Востра сачу, каб у мелодыі твора не было фальшу. Ледзь пачую фальш, спыняюся, шукаю дакладныя тоны і словы. Імкнуся знайсці самыя дакладныя».

Вельмі важна, што пра паляшукоў пісаў паляшук Мележ. У гэтым плане яму праігрывалі папярэднікі з пісьменніцкага цэха. Плюс шчырае імкненне да гранічна аб’ектыўнага паказу адметнасцяў свядомасці і псіхалогіі тыповага паляшука. Менавіта з імем Мележа трэба звязваць першы вопыт адлюстравання дадзеных адметнасцяў у мастацкай літаратуры.

          Іван Паўлавіч выступіў прадаўжальнікам эпічнай традыцыі Кузьмы Чорнага. Ён адлюстроўвае грамадскія падзеі праз лёс чалавека, не ўпускаючы ніводнага псіхалагічнага малюнка, ніводнай мастацкай дэталі.

Ёсць сэнс сказаць некалькі слоў пра іншыя сегменты літаратурнай спадчыны І.П. Мележа. Сорак шэсць гадоў таму прайшла выдавецкі працэс  кніга літаратурна-крытычных артыкулаў, эсэ, інтэрв’ю і публіцыстыкі «Жыццёвыя клопаты». Праз два гады ўбачыла свет  «Першая кніга» (дзённікі, запісы ваенных гадоў). Адмыслова адзначым, што І.П. Мележ рабіў запісы ў дзённіку ў 1941—1942 гг., будучы воінам дзейнай РСЧА. А гэта катэгарычна забараняла камандаванне.

          Пра Мележа ведаюць у многіх краінах свету. Шмат яго твораў перакладзена на мовы тытульных і нетытульных этнасаў. Па творах уаджэнца вёскі Глінішча зняты мастацкія фільмы. Ёсць і вопыт сцэнічнага ўвасаблення вядомымі тэатральнымі рэжысёрамі. Заслугоўваюць быць узгаданнымі пастаноўкі на радыё і тэлебачанні.

У героя нарыса была нямалая ўзнагародная калекцыя. Яго грудзь упрыгожвалі два ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэн Чырвонай Зоркі, ордэн «Знак Пашаны», медалі, знакі лаўрэата Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа, Ленінскай прэміі. Гэтаму выдатнаму пісьменніку было прысвоена ганаровае званне Народнага пісьменніка БССР. Праз некалькі месяцаў пасля смерці І.П. Мележа яму была прысуджана  Дзяржаўная прэмія БССР.

Для Народнага пісьменніка БССР  трывалым тылам з’яўлялася яго сям’я. Іван Паўлавіч пражыў 33 гады душа ў душу з жонкай, Лідзіяй Якаўлеўнай. Яна падарыла герою нарыса дзвюх дачок, Людмілу і Ларысу. Дочкі былі ферментам, які падсілкоўваў сваімі сокамі жыццё прызнанага майстра слова.

У Мележа было шырокае кола сяброў з ліку калег-пісьменнікаў. Гэта --  Іван Шамякін, Іван Пташнікаў, Ніл Гілевіч, Барыс Сачанка, Піліп Пестрак, Янка Брыль, Алесь Адамовіч, Вячаслаў Адамчык.

Слушна сказана: “Таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім”. Народны пісьменнік БССР добра маляваў, прыгожа спяваў, быў сапраўдным докай у пытаннях сусветнай мастацкай культуры, мог прачытаць выдатную лекцыю па гэтых пытаннях.

У бягучым годзе адзначаецца не толькі 100-годдзе І.П. Мележа, але і 45-годдзе з дня яго смерці. Літаратурны класік пайшоў з жыцця 9 жніўня 1976 года. За прайшоўшыя з дня смерці гады было вельмі шмат зроблена ў плане ўшанавання памяці пра гэтага чалавека. У дадзеную высокародную справу ўнеслі значны ўклад як уладныя структуры, так і інстытуты грамадзянскай супольнасці. Дзякуючы ім у бягучым годзе адбудзецца шэраг адпаведных мерапрыемстваў.

Міхаіл Стралец.

Недостаточно прав для комментирования. Войдите на сайт используя социальные сети.

Войти с помощью

Яндекс Реклама