Да 100-годдзя народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа ў Растоўскай вобласці адкрыецца музейная экспазіцыя.

 У дзень нараджэння класіка на растоўскай зямлі з’явіцца куточак Беларушчыны – тут ствараецца мемарыяльны літаратурны пакой народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа. Пра гэта паведаміў старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Уладзімір Гаўрыловіч.

 

У 2017 годзе Пятрушынскай сельскай бібліятэцы, што ў Растоўскай вобласці, прысвоена імя класіка беларускай літаратуры Івана Мележа. Такое рашэнне прынята на заканадаўчым узроўні расійскага рэгіёна як вынік плённага творчага супрацоўніцтва пісьменнікаў Гомельскага абласнога аддзялення ГА "Саюз пісьменнікаў Беларусі" і іх расійскіх калег.

Як удакладніў Уладзімір Гаўрыловіч, беларускія і расійскія літаратары з Растоўскай вобласці пасябравалі даўно, актыўна працуючы разам у межах двух творчых праектаў – міжнароднага фестывалю-свята “Славянскія літаратурныя дажынкі” і ўзнікшага пазней міжнароднага фэсту-конкурсу паэзіі і паэтычных перакладаў “Берагі дружбы”.

– Калі зайшла гутарка пра новы творчы праект перакладаў у 2017 годзе, у якім напачатку працавалі толькі аўтары-гамяльчане, а пасля ўключыліся прафесійныя і маладыя паэты ўжо з усёй Беларусі, сябра нашай краіны расійскі паэт Леанід Север агучыў ідэю увекавечвання аднаго з творцаў беларускай літаратуры на яго малой Радзіне, – адзначае У. Гаўрыловіч. – Мы прапанавалі ўшанаваць памяць народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа, выхадца з Хойніцкага раёна Гомельшчыны. І мелі рацыю: творца – удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, быў цяжка ранены ў 1942 годзе пад Растовам-на-Доне, лячыўся ў растоўскім шпіталі, затым быў адпраўлены ў тыл і камісаваны.

Аформленая афіцыйна прапанова аддзялення была накіравана кіраўніцтву расійскага рэгіёна, прынята, разгледжана і хутка рэалізавана: імя класіка беларускай літаратуры Івана Мележа летам 2017-га атрымала муніцыпальная бюджэтная ўстанова культуры "Пятрушынская сельская бібліятэка Новабессяргенеўскага сельскага пасялення Неяклінаўскага раёна Растоўскай вобласці”. Тады ж з удзелам кіраўніцтва Гомельскага аддзялення СПБ у Пятрушына была ўрачыста адкрыта мемарыяльная дошка, абласная пісьменніцкая арганізацыя перадала ў дар бібліятэкі кніжныя падарункі – творы Мележа.

Час паказаў: да творчасці класіка беларускай літаратуры ў расійскай глубінцы цікавасць з году ў год толькі павялічвалася. На базе бібліятэкі, якая носіць яго імя, штогод ладзяцца канферэнцыі, творчыя сустрэчы, у тым ліку з гомельскімі творцамі, якія ўдзельнічаюць у працы фестываля “Берагі дружбы”. А праз нейкі час па ініцыятыве супрацоўнікаў бібліятэчнай установы і пры падтрымцы мясцовых уладаў, нацыянальна-культурнай аўтаноміі "Беларусы Растоўскай вобласці" і нацыянальна-культурнай аўтаноміі "Беларусы Кубані" было прынята рашэнне аб далейшай папулярызацыі творчасці беларускага пісьменніка і адкрыцці да яго 100-годдзя на базе бібліятэчнай установы мемарыяльнага пакоя. Годная ініцыятыва зноў аб’яднала творцаў і работнікаў культуры дзвюх краін. Так, па просьбе Савета аддзялення СПБ работнікі Хойніцкага краязнаўчага музея і мемарыяльнага літаратурнага музея Івана Мележа ў агр. Хойнікі зрабілі нямала электронных копій фотадакументаў, звязаных з жыццём і творчасцю пісьменніка-земляка, копій арыгіналаў дакументаў, накіравалі іх у Растоўскую вобласць. Усе яны былі скарыстаны пры падрыхтоўцы экспазіцыі.

Адкрыццё ж мемарыяльнага літаратурнага пакоя Івана Мележа запланавана якраз на 100-годдзе народнага пісьменніка Беларусі. Удзельнікамі гэтай важнай падзеі адначасова стануць няклінаўцы і гамяльчане: пісьменнікі, бібліятэчныя работнікі і краязнаўцы, прадстаўнікі органаў мясцовай улады двух краін. У анлайн-фармаце пройдзе міжнародны тэлемост, пад час якога ўрачыста беларусы і рускія адкрыюць новую музейную экспазіцыю, а таксама абмяркуюць далейшае супрацоўніцтва на ніве культуры і літаратуры.

Мікалай ІГНАТОВІЧ

 Фота з уласнага архіва аўтара.

 

 

Недостаточно прав для комментирования. Войдите на сайт используя социальные сети.

Войти с помощью

Яндекс Реклама